ТЭКСТ (ад лац. textus тканіна, злучэнне),

паслядоўнасць выказванняў на пэўнай мове, структурна і семантычна суаднесеных у пісьмовым ці вусным маўленні (у сінтагматыцы) такім чынам, што яны набываюць сэнсавую цэласнасць, лагічную звязнасць, адносную завершанасць, прадметна-тэматычнае адзінства. З заканчэннем працэсу стварэння вербальнага Т. чалавек пакідае мову як сістэму рознаўзроўневых адзінак і правіл іх спалучэння і мае справу з Т. не як мовазнаўчай з’явай, а феноменам слоўнай творчасці ў галіне маст. л-ры, публіцыстыкі, навукі і інш. На гэтай падставе паняцце Т. набывае культуралагічную каштоўнасць і пашыраецца на звязную сукупнасць знакаў у любой форме камунікацыі (музыка, танец, гульня, крыптаграфія, рэлігія, рытуалы, абрады, дызайн і інш. семіялагічныя сістэмы); культура ва ўсіх яе разгалінаваннях разглядаецца як сукупнасць шматлікіх і разнастайных Т., якія чалавек, паступова засвойваючы нац. культуру, вучыцца чытаць. Існуюць 2 роднасныя навукі, аб’ектам вывучэння якіх служаць Т.: тэксталогія і тэорыя Т. (інш. назвы — лінгвістыка Т., граматыка Т., структура Т.), якая даследуе Т. перш за ўсё з лінгвістычных пазіцый — суадносіны і функцыянаванне моўных адзінак.

Слова «Т.». выкарыстоўваецца і ў больш вузкіх значэннях (аўтарскі Т. без дадаткаў і каментарыяў да яго; слоўная частка выдання тыпу альбом, буклет, чарцяжы і інш.; словы для муз. твора — песні, хора, оперы і інш.) і спец. значэннях (урывак з твора славеснасці для вучэбных мэт, рэкламны Т.); у друкарскай справе — шрыфт, кегль (памер роўны 20 пунктам — каля 7,5 мм).

Літ.:

Лотман Ю.М. Структура художественного текста. М., 1970;

Текст и аспекты его рассмотрения. М., 1977;

Лингвистика текста. М., 1978;

Текст как психолингвистическая реальность. М., 1982;

Текст как обьект комплексного анализа в вузе. Л., 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)