ТЭМБР (франц. timbre ад грэч. tympanon барабан) у музыцы, гукавая афарбоўка, уласцівая пэўнаму муз. інструменту або пеўчаму голасу; найважнейшая характарыстыка гуку музычнага (побач з вышынёй, гучнасцю і працягласцю). Тэмбравыя адрозненні (пры аднолькавай вышыні і моцы) узнікаюць у залежнасці ад матэрыялу і формы вібратара, умоў, у якіх атрымліваюцца акустычныя ваганні; на практыцы прадвызначаецца разнастайнасцю інструментаў, на інструменце — спосабамі гуказдабывання. Слухач успрымае Т. пераважна асацыятыўна (гукі яркія, цёплыя, халодныя, глыбокія, мяккія, насычаныя і інш.). Т. — важны сродак муз. выразнасці Пры яго дапамозе можна вылучыць кампанент муз. цэлага, узмацніць ці аслабіць кантрасты, падкрэсліць падабенствы ці адрозненні ў працэсе развіцця муз. твора і інш. Пошукі новых Т. і іх спалучэнняў працягваюцца; ствараюцца электрамуз. інструменты, сінтэзатары гукаў. Асобым кірункам у выкарыстанні Т. з’яўляецца санорыка.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)