ТЭГУСІГА́ЛЬПА (Tegucigalpa),

горад, сталіца Гандураса, на Пд краіны, у даліне р. Чалутэка. 950 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, піваварная, спіртагарэлачная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., мэблевая, керамічная. Ун-т (з 1847). Акадэмія Гандураса, Гандураская акадэмія геаграфіі і гісторыі. Нац. музей. Арх. помнікі 18 ст. (касцёлы, палацы і інш.).

У старажытнасці на тэр. Т. быў індзейскі (ацтэкскі) горад, на месцы якога ў 1579 у сувязі з адкрыццём пакладаў серабра іспанцы заснавалі свой горад. У 18 ст. з распрацоўкай новых радовішчаў серабра, золата і мармуру Т. пачала хутка развівацца. Пасля абвяшчэння Гандураса незалежнай рэспублікай (1838) горад вёў барацьбу за статус сталіцы з г. Камаягуа. У 1880 Т. стала сталіцай, абодва гарады былі адміністрацыйна аб’яднаны.

т. 16, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)