горад, сталіца Ірана, у паўд. перадгор’ях Эльбурса на выш. 1100—1300 м. Адм. ц. астана Тэгеран, або Цэнтральны. Больш за 12 млн.ж. у межах метрапалітэнскай тэрыторыі (2001). Гал.трансп. вузел краіны. Міжнар. аэрапорт. Асн.эканам. (больш за 33% кошту прамысл. прадукцыі Ірана) і культ. ц. краіны. Прам-сць: аўта- і авіязборка, вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, быт.эл. прылад, рамонтна-мех.; нафтаперапр., гарбарна-абутковая, тэкст., харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), цэм., шкляная і фарфора-фаянсавая. Рамёствы (мазаіка, разьба, чаканка і інш.). Тэгеранскі, Нац. і Тэхнал. ун-ты. Тэатры. Музеі: археал., этнагр., Галестанскі палац, маст. галерэя «Негарэстан».
Першыя звесткі пра Т. у крыніцах 12 ст. У пач. 13 ст. разбураны манголамі. Неўзабаве адноўлены. Зручнае яго геагр. размяшчэнне спрыяла развіццю гандлю. З 14 ст. буйны гандл. горад. У 1404 1-ы з еўрапейцаў у Т. пабываў пасол Кастыліі пры двары Цімура. У 1722 разрабаваны афганцамі. З 1786 сталіца Ірана. Адзін з цэнтраў Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1906 тут адбылося 1-е пасяджэнне парламента (меджліса). Месца правядзення Тэгеранскай канферэнцыі 1943.
У старым горадзе (рэканструяваны ў 1870—72) знаходзяцца: базар (засн. ў 16 ст.), Галестанскі палац (18—19 ст., цяпер Маст. музей), мячэці Шахская (1809—40) і Селахсалар (1878—90). Сучасны горад з рэгулярнымі кварталамі, прамавугольнай сеткай вуліц з плошчамі, скверамі, фантанамі, забудаваны шматпавярховымі атэлямі, банкамі, адм. будынкамі, 10—12-павярховымі жылымі дамамі ў духу еўрап. архітэктуры, а таксама асабнякамі-катэджамі. Сярод значных пабудоў 1930—50-х г.: комплекс ун-та, Археал. музей, нац.с.-г. банк, будынак Сената, гар. сад са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі.