ТЭАЛО́ГІЯ (ад грэч. theos бог + ...логія),

вучэнне пра сутнасць, быццё і дзеянні Бога. пабудаванае на прынцыпах і догматах рэлігійных, што прымаюцца ў якасці божага адкрыцця. Гал. перадумовы Т.: вера ў Бога, які асабіста звяртаецца да чалавека з божым словам, адкрываючы сутнасць самога сябе; наяўнасць дастаткова развітой рэліг. філасофіі, якая ставіць у цэнтр светабудовы акт стварэння Богам свету. Узнікненне Т. магчыма толькі ў межах тэізму — рэліг. вучэння пра трансцэндэнтнага Бога, які стварыў свет і кіруе ім. У межах тэізму развіваюцца тэалагічныя дактрыны монатэістычных рэлігій: хрысціянства, ісламу, іудаізму. Дактрыны будызму і індуізму да Т. можна аднесці толькі ўмоўна, таму што тэістычныя элементы ў веравучэннях гэтых рэлігій не развіты. Т. ўяўляе сабой складанаструктураваную іерархічную сістэму; у ёй адрозніваюць нарматыўную Т. — сукупнасць сцвярджэнняў, якія змешчаны ў Свяшчэнным Пісанні (Біблія, Каран, Тора), і дэрыватыўную (высноўную) — багаслоўскія каментарыі Свяшчэннага Пісання, рэліг.-філас. разважанні пра Бога, яго сутнасць і дзеянні. Аўтарытэт першай у рэліг. свеце непахісны, другой — можа быць аспрэчаны царквой (напр., «Т. вызвалення» крытыкавалася папам рымскім). Вылучаюць таксама фундаментальную, маральную, пастырскую і гіст. Т. Фундаментальная (сістэматычная) Т. ўключае экзегетыку (сукупнасць трактовак зместу Свяшчэннага Пісання і інш. сакральных тэкстаў), дагматыку (сістэмную інтэрпрэтацыю догматаў), апалагетыку (рацыянальнае абгрунтаванне веравучэння), эклезіялогію (вучэнне пра царкву і яе ролю ў гісторыі чалавецтва), сац. Т. (сац.-рэліг. дактрыну), параўнальную Т., якая ажыццяўляе кампаратыўны гісторыка-сацыялагічны аналіз базавага веравучэння з рэліг. вучэннямі інш. канфесій. Маральная Т. ўключае канцэпцыю асабістага выратавання (сатэрыялогія) і маральныя каштоўнасці веравучэння, што вынікаюць з яе і павінны ўвасабляцца ў паводзінах вернікаў. Пастырская Т. — сукупнасць прыкладных аспектаў культавай дзейнасці; складаецца з літургікі (тэорыя богаслужэння), гамілетыкі (тэорыя прапаведніцкай дзейнасці), катэхітыкі (прыкладная методыка вывучэння веравучэння і прылучэння да яго дзяцей і юнацтва). Гістарычная Т. ўключае гісторыю Бібліі, гісторыю царквы, царк. археалогію.

У Стараж. Грэцыі пад тэрмінам Т. разумелася сістэматызацыя міфаў. Арыстоцель наз. Т. філас. вучэнне пра нерухомы першарухавік усяго свету. Сярэдневяковы багаслоў К.​Тэртуліян абгрунтаваў непахіснасць «ісціны Адкрыцця» і сфармуляваў тэалагічную формулу: «Веру, таму што абсурдна». Аўгусцін вызначаў сваю пазіцыю да рэліг. веры формулай «веру, каб зразумець». Яго паслядоўнік Ансельм Кентэрберыйскі лічыў веру перадумовай рацыянальных ведаў і сцвярджаў: «Не шукаю, каб верыць, але веру, каб зразумець». У пач. 20 ст. рас. багаслоў П.А.Фларэнскі распрацаваў канцэпцыю 3 стадый тэалагічнага асэнсавання Бога і свету; ён лічыў, што ад ступені «веру, таму што абсурдна» адбываецца ўзыходжанне да ступені «веру, каб зразумець», а ад яе — да ступені «разумею, каб верыць». Пратэстанцкі тэолаг П.​Тыліх вызначаў Т. як «рацыянальную інтэрпрэтацыю рэліг. субстанцыі абрадаў, сімвалаў, міфаў».

У развіцці Т. вылучаюцца 2 тэндэнцыі: з аднаго боку, Т. абвяшчае абсалютную першаснасць і непахіснае вяршэнства вечных ісцін, якія не падлягаюць гіст. зменам; з другога боку, пад уплывам сац.-эканам., паліт., навук.-тэхн., сацыякульт. змен (асабліва імклівых на мяжы 20—21 ст.) яна вымушана шукаць абгрунтаваныя ў філас., навук., маральным плане спосабы канструктыўнага дыялогу з сучасным светам (напр., аджарнамента — абнаўленне рымска-каталіцкай Т., звязанае з патрабаваннямі сучаснасці). У рэчышчы абнаўленчай тэндэнцыі ўзнікаюць новыя дактрыны каталіцызму і пратэстантызму: Т. культуры, Т. «смерці Бога», Т. надзеі, Т. вызвалення, Т. палітыкі, Т. працы, Т. развіцця, Т. рэвалюцыі, Т. «смерці Т.» і інш.

На Беларусі развіццё Т. бярэ пачатак у 10 ст. Пасля хрышчэння Русі візант. іерархі прапаведавалі на бел. землях Свяшчэннае Пісанне, багаслоўскія ідэі ўсх. айцоў царквы (Васіля Вялікага, Іаана Дамаскіна, Іаана Златавуста). Самаст. багаслоўская школа тут склалася ў 12—17 ст. У развіцці бел. Т. можна вылучыць 5 этапаў: асветніцкі (12—1-я пал. 16 ст.), палемічны (2-я пал. 16—17 ст.), дагматычны з тэндэнцыяй да нацыяналізацыі царк. жыцця (18 — пач. 20 ст.), этап ганенняў на хрысціянства ў СССР, перыяд хрысц. адраджэння (з канца 1980-х г.). На першым этапе дамінавалі практычная і асветніцкая Т., гамілетыка, экзегетыка (Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі, Грыгорый Цамблак), свецкая біблеістыка Ф.Скарыны, арыентаваная на адзінства хрысціян, духоўнае абнаўленне народа. Пасля ўзмацнення каталіцтва і апазіцыйнага яму рэфармацыйнага руху ў бел. Т. сфарміраваліся 3 палемічныя плыні: правасл. (С.Зізаній, Хрыстафор Філалет, Л.Карповіч, А.Мужылоўскі); рымска-каталіцкая (П.Скарга, М.К.Сарбеўскі, А.Каяловіч) і грэка-каталіцкая (І.Пацей, І.Руцкі, І.Кунцэвіч, Р.​Корсак, Л.​Крэўза, Л.​Кішка); пратэстанцкая (С.Будны, В.Цяпінскі, М.Чаховіц, Якуб з Калінаўкі). Для абгрунтавання сваёй канфесіі і крытыкі інш. веравызнанняў бел. багасловы палемічнага перыяду выкарыстоўвалі ўсе віды Т. (гісторыю царквы, дагматыку, апалагетыку і інш.), красамоўства, гуманіт. навукі. У канцы 17—19 ст. на Беларусі адбылася стабілізацыя асн. канфесій: правасл. і рымска-каталіцкай, арыентаваных адпаведна на рас. і польскую тэалагічныя школы. Уніяцкая царква як пераважна сельская захавала элементы нар. культуры і мовы. Прыхільнікамі далучэння да Расіі і уніфікацыі правасл. Т. былі архіепіскап і багаслоў Г.Каніскі, пасля ліквідацыі грэка-каталіцкай царквы — яе былыя епіскапы І.Сямашка і А.Зубко. З уніяцкага і рымска-каталіцкага асяроддзя выйшлі першыя дзеячы нац. адраджэння: пісьменнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, вучоныя і тэолагі С.Данісевіч, Б.Эпімах-Шыпіла, Ф.Абрантовіч, А.Станкевіч і інш. У пач. 20 ст. складвалася нац. школа бел. Т., арыентаваная на духоўнае адзінства хрысціян, культ.-нац. самавызначэнне. З правасл. боку гэту ідэю падтрымлівалі мітрапаліт Мелхіседэк і інш. святары, рэпрэсіраваныя сав. уладай. У міжваен. перыяд (1918—39) цэнтр бел. тэалагічнай думкі перамясціўся ў Зах. Беларусь, дзе склаліся самабытныя кірункі Т., накіраваныя на збліжэнне рэліг. і свецкай культуры (Беларуская хрысціянская дэмакратыя, газ. «Беларуская крыніца», час. «Хрысціянская думка», асветніцкая дзейнасць Станкевіча, В.Гадлеўскага, ксяндзоў і пісьменнікаў А.Зязюлі, К.Сваяка і інш.). З канца 1980-х г. пачалося адраджэнне бел. багаслоўскай думкі, яе развіццё ў агульнасусв. кантэксце. Яе вынікі асвятляюцца ў правасл. («Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», час. «Праваслаўе») і каталіцкай (час. «Наша вера») перыёдыцы. Уклад у развіццё Т. робяць мітрапаліт Філарэт, кардынал К.Свёнтак, святары і багасловы С.​Гардун, У.​Завальнюк, Г.​Латушка, І.​Лашук, С.​Паўловіч і інш.

Літ.:

Майка Ю. Социальное учение католической церкви: Опыт ист. анализа: Пер. с пол. Рим;

Люблин, 1994;

Социально-политическое измерение христианства: Избр. теол. тексты XX в.: Пер. с нем., англ. и исп. М., 1994;

Тертуллиан К.С.Ф. Избр. соч.: Пер. с лат. М., 1994;

Ансельм Кентерберийский. Соч.: Пер. с лат. М., 1995;

Кокс Х. Мирской град: Секуляризация и урбанизация в теол. аспекте: Пер. с англ. М., 1995;

Мень А.В. Мировая духовная культура;

Христианство;

Церковь. М., 1995;

Тиллих П. Избранное: Теология культуры: Пер. с англ. М., 1995;

Кюнг Г. Великие христианские мыслители: Пер. с нем. СПб., 2000;

Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

Я.​М.​Бабосаў, У.​М.​Конан (Т. на Беларусі).

т. 16, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)