ТЭАКРА́ТЫЯ (ад грэч. theos бог + kratos улада),
форма дзярж. кіравання, пры якой улада засяроджана ў духавенства або ў кіраўніка царквы. Тэакратычныя дзяржавы вядомы са старажытнасці. Так, у Іудзеі ў 5—1 ст. да н.э. вярх. жрэц валодаў усёй паўнатой дзярж. улады. Тэакратычнымі дзяржавамі былі сярэдневяковыя халіфаты Амеядаў і Абасідаў. Тэакратычнай была дзяржава, засн. ў 17 ст. езуітамі ў Парагваі; у 19 ст. тэакратычным было кіраванне імама Шаміля ў Чэчні і прылеглых да яе раёнах. Тэакратычнымі дзяржавамі былі Папская вобласць (да аб’яднання Італіі ў 1870), Тыбет (да далучэння да КНР у 1951). Папа — вышэйшы кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы і адначасова кіраўнік дзяржавы Ватыкан. Ісламская рэвалюцыя ў Іране ў канцы 1970-х г. абумовіла пераход фактычнай улады ў дзяржаве да кіраўнікоў шыіцкага духавенства на чале з аяталой Р.Хамейні.
т. 16, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)