ТЭРА́СА (франц. terrasse ад лац. terra зямля),

1) у горадабудаўніцтве гарызантальная ці слаба нахіленая пляцоўка натуральнага або штучнага паходжання, якая ўтварае ўступ на схіле мясцовасці. Т. ствараюцца для размяшчэння будынкаў на стромым рэльефе, для буд-ва дарог, арганізацыі пад’ездаў да збудаванняў. Насыпныя Т. ўмацоўваюць падпорнымі сценкамі, парапетамі і інш. 2) У садова-паркавым мастацтве натуральныя або штучныя пляцоўкі для стварэння паркавых кампазіцый. На Беларусі вядомы з 17 ст. (т.зв. італьянскія сады). У 17—18 ст. паявіліся паркі тэраснага тыпу ў Альбе пад Нясвіжам, Віцебску, Гомелі, вёсках Прылукі і Сёмкава Мінскага р-на і інш. Ствараюцца і ў наш час. 3) У архітэктуры Т. — адкрытая з трох бакоў (з 19 ст. часам зашклёная) летняя прыбудова да будынка ці збудавання, якая падтрымліваецца слупамі, калонамі, аркадамі, кансолямі. Дах Т. часцей з’яўляецца працягам даху асн. будынка. На Беларусі Т. пашырыліся ў 18 ст. ў сядзібна-палацавым буд-ве, уяўлялі сабой пляцоўкі, звязаныя з заламі 2-га паверха сядзібнага дома або палаца. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца як рытмічныя і кантрастныя элементы кампазіцыі.

т. 16, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)