ТЭРА́РЫЗМ (ад лац. terror страх, жах),
гвалтоўныя дзеянні з мэтай падаўлення, запалохвання паліт. праціўнікаў ці канкурэнтаў, навязвання пэўнай лініі паводзін. Адрозніваюць Т. індывід., групавы і дзярж. (рэпрэсіі дыктатарскіх і таталітарных рэжымаў). У гісторыі чалавецтва Т. часта выкарыстоўваўся як сродак паліт. барацьбы ў інтарэсах дзяржавы, рэлігіі, арг-цый і груповак рознай накіраванасці, быў пашыраным інструментам нац.-вызв. і сепаратысцкіх рухаў, рэвалюцый і контррэвалюцый у перыяды глыбокіх грамадскіх крызісаў. У 1970—90-я г., калі пашырыўся міжнар. Т., ахвярамі якога сталі і мірныя жыхары, былі прыняты міжнар. канвенцыі і нац. заканад. акты аб барацьбе з гэтым злом. У наш час назіраецца эскалацыя тэрарыст. дзейнасці экстрэмісцкіх арг-цый, узрастае антыгуманнасць тэрарыст. актаў (захоп заложнікаў, угон самалётаў, акты этнаканфесіянальнага генацыду і інш.). З тэрарыст. актаў найб. маштабныя па колькасці чалавечых ахвяр і разбурэнняў — знішчэнне 1.1.9.2001 групоўкай ісламскіх экстрэмістаў будынкаў Сусв. гандл. цэнтра ў Нью-Йорку (ЗША) з дапамогай захопленых пасажырскіх самалётаў, а таксама захоп 24.10.2002 чэчэнскімі тэрарыстамі гледачоў мюзікла «Норд-ост» у Доме культуры па вул. Мельнікава ў Маскве (загінула 129 чал.). У ліку прычын Т. нарастанне крызісных з’яў, няздольнасць грамадства ўрэгуляваць складаныя сац.-паліт. працэсы, хуткая змена сістэм чалавечых і паліт. ідэалаў і каштоўнасцей, падключэнне да паліт. жыцця шырокіх мас палітычна нявопытнага насельніцтва, іх імкненне выкараніць заганы грамадскіх і дзярж. сістэм «найкарацейшым», як уяўляецца тэрарыстам, шляхам.
Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрарыст. акт заключаецца: ва ўчыненні актаў насілля, выбухаў, падпалаў або інш. дзеянняў, якія ствараюць пагрозу гібелі і калецтва людзей, нанясення матэрыяльнай шкоды ў буйным памеры і ўзнікнення інш. цяжкіх наступстваў, з мэтай запалохвання насельніцтва ці ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзярж. органамі, або стварэння перашкод паліт. і інш. грамадскай дзейнасці; у замаху на жыццё дзярж. або грамадскага дзеяча ў сувязі з яго дзейнасцю; ва ўчыненні або арганізацыі ўчынення аналагічных дзеянняў на тэр. замежнай дзяржавы з мэтай правакацыі міжнар. ускладненняў, вайны ці дэстабілізацыі ўнутр. становішча гэтых дзяржаў; у замаху на жыццё дзярж., грамадскага дзеяча замежнай дзяржавы ці прычыненні шкоды яго маёмасці з той жа мэтай. У Рэспубліцы Беларусь барацьба з Т. вядзецца на падставе Закона ад 3.1.2002 «Аб барацьбе з тэрарызмам» і інш. заканад. актаў.
Літ.:
Дэвис Л. Терроризм и насилие: Пер. с англ. Смоленск, 1998;
Жариков К.В. Терроризм и террористы: Ист. справ. Мн., 1999.
Г.А.Маслыка.
т. 16, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)