ТЭРАСАВА́ННЕ,

штучнае змяненне паверхні схілаў гор, далін рэк і інш. для гасп. выкарыстання. Пры Т. ствараюць тэрасы ў выглядзе абмежаваных валамі пляцовак, канаў і інш. з мэтай захавання глебавага покрыва, паляпшэння воднага рэжыму глеб і ўмоў іх апрацоўкі. Пашырана са старажытнасці ў краінах з горным рэльефам.

У залежнасці ад характару схілаў і іх выкарыстання робяць тэрасы грабянёвыя (на схілах з нахілам 0,02—0,12) — пераважна пад пашу; прыступкавыя (на схілах з нахілам 0,12—0,25) — для агароднінных і пладовых культур; траншэйныя (на стромкіх схілах з маламагутным глебавым покрывам) — для чайных кустоў і цытрусавых; тэрасы-канавы (на схілах з нахілам 0,1—1) — у раёнах, дзе выпадаюць ліўневыя дажджы.

Да арт. Тэрасаванне. Віды тэрас: 1 — грабянёвыя; 2, 3 — прыступкавыя; 4 — траншэйныя; 5 — тэрасы-канавы.

т. 16, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)