БІЯГЕ́РМ
(ад бія... + грэч. herma падводная скала),
простая арганагенная пабудова, якая ўтварылася на месцы росту калоній арганізмаў, здольных адкладваць вапну, захоўваць пасля адмірання прыжыццёвую форму. Даўж. біягерма да кіламетра.
Марфалагічна біягерм як геал. цела — масіў або выпуклая лінза, палеагеаграфічна — падводны выступ, узгорак. У асадкавых адкладах Беларусі выкапнёвыя дробныя Б. з каралаў, сграматапораў, імшанак, сіне-зялёных і чырвоных водарасцяў (багранак) трапляюцца ў сілурыйскіх і ніжнедэвонскіх утварэннях Брэсцкай упадзіны, верхнедэвонскіх і кам. вуг. утварэннях Прыпяцкага прагіну. Да верхнедэвонскіх біягермных адкладаў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу. Гл. таксама Біястромы.
т. 3, с. 168
БІЯГЛІ́ФЫ,
выкапнёвыя сляды жыццядзейнасці арганізмаў на паверхні або ўнутры асадкавых парод. Да біягліфаў адносяцца сляды жыўлення, перамяшчэння арганізмаў, іх норы, хады, зробленыя ў рыхлым (напр., чарвямі, малюскамі) ці шчыльным скалістым (двухстворкамі-каменяточцамі) грунце, на рэштках жывёл і раслін (губкамі, чарвямі, водарасцямі, грыбамі) і інш. На тэр. Беларусі біягліфы адзначаны ў адкладах кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры і мелу. У пясчана-гліністых і карбанатных пародах выяўлены хады чарвей, малюскаў, на міжслаявых паверхнях — сляды поўзання беспазваночных. Біягліфы выкарыстоўваюцца ў геал. даследаваннях для вызначэння ўмоў утварэння асадкавых парод. Вывучае біягліфы палеаіхналогія.
т. 3, с. 169
БІЯГРА́МА
(ад бія... + ...грама),
графічнае (дыяграмнае) адлюстраванне зменлівасці ў часе якой-н. біял. сістэмы (асобіны, папуляцыі, віды, біяцэнозы). Шырока выкарыстоўваецца ў экалагічных даследаваннях.
т. 3, с. 169
БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.Томасам і палякам Ф.Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі). 2)У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».
3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.
т. 3, с. 169
БІЯГРА́ФІЯ
(ад бія... + ...графія),
1) апісанне жыцця і дзейнасці чалавека; жанр гіст., маст., навук. прозы. У біяграфіі на аснове фактычнага матэрыялу разглядаецца працэс фарміравання чалавечай асобы ў сувязі з грамадскімі адносінамі пэўнай гіст. эпохі. Бываюць навук., маст., акад., папулярныя і інш. Разнавіднасць біяграфіі — аўтабіяграфія.
2) Жыццё чалавека.
т. 3, с. 169
БІЯДЭГРАДА́ЦЫЯ
(ад бія... + дэградацыя),
працэс раскладання матэрыялаў, рэчываў або аб’ектаў у навакольным асяроддзі пад уздзеяннем жывых арганізмаў (пераважна мікраарганізмаў); адзін з асн. энергет. працэсаў у экасістэме. Біядэградацыя мае месца пры нейтралізацыі забруджванняў прыроднага асяроддзя і утылізацыі адмерлых рэшткаў жывёл і раслін, у раскладанні быт. і прамысл. адходаў, ачыстцы сцёкавых водаў. Негатыўны бок біядэградацыі — біякарозія некаторых матэрыялаў. Зрэдку ў паняцце біядэградацыі ўключаюць працэсы распадання пад уздзеяннем непажаданых біягенных фактараў арган. часткі біягеацэнозаў (фіта- і зоацэнозаў). У больш шырокім паняцці тэрмінам біядэградацыя вызначаюць усякае агульнае пагаршэнне структуры біягеацэнозу; у гэтым сэнсе біядэградацыя можа разглядацца як састаўная частка і адзін з элементаў дэградацыі прыроды.
т. 3, с. 169
БІЯДЭ́РМ
[ад бія... + дэрм(а)],
слой, плёнка, якая складаецца з жывых арганізмаў (бактэрыі, грыбы, сіне-зялёныя водарасці), што жывуць і кормяцца на паверхні целаў інш. жывых арганізмаў (на падводных частках раслін, рыбах). Біядэрм — неабходнае звяно трафічных ланцугоў рыб і інш. водных арганізмаў.
т. 3, с. 169
БІЯЗДЫ́МКА,
натурнае карціраванне біятычных асаблівасцяў участка зямной паверхні або рэгіёна. Праводзіцца пры кадастравых доследах, распрацоўцы праектаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, рацыяналізацыі іх эксплуатацыі, планаванні прыродаахоўных мерапрыемстваў.
т. 3, с. 169
БІЯІНДЫКА́ТАРЫ
(ад бія... + індыкатары),
віды, групы відаў або згуртаванні жывых арганізмаў, прысутнасць, колькасць або асаблівасці развіцця якіх сведчаць аб пэўнай накіраванасці і параметрах прыродных працэсаў, умоў або антрапагенных змен навакольнага асяроддзя. Многія арганізмы вельмі адчувальныя і выбіральныя ў адносінах да розных фактараў асяроддзя пражывання (хім. складу глебы, вады, атмасферы, кліматычных і пагодных фактараў, прысутнасці інш. арганізмаў і г.д.) і могуць існаваць толькі ў вызначаных, часта вузкіх межах змянення гэтых фактараў. Прысутнасць, напр., у вадаёме малашчацінкавых чарвей роду ТыЬіГех, вусеняў двухкрылых насякомых роду Chironomus, Eristalis і інш. сведчыць пра пэўную ступень забруджанасці вады, бакаплаваў роду Gammarus, водарасцяў роду Fontinalis, фарэлі, харыуса і інш. — пра яе чысціню. Гл. таксама Сапробнасць, Таксобнасць.
т. 3, с. 169