БІЯІНДЫКА́ТАРЫ

(ад бія... + індыкатары),

віды, групы відаў або згуртаванні жывых арганізмаў, прысутнасць, колькасць або асаблівасці развіцця якіх сведчаць аб пэўнай накіраванасці і параметрах прыродных працэсаў, умоў або антрапагенных змен навакольнага асяроддзя. Многія арганізмы вельмі адчувальныя і выбіральныя ў адносінах да розных фактараў асяроддзя пражывання (хім. складу глебы, вады, атмасферы, кліматычных і пагодных фактараў, прысутнасці інш. арганізмаў і г.д.) і могуць існаваць толькі ў вызначаных, часта вузкіх межах змянення гэтых фактараў. Прысутнасць, напр., у вадаёме малашчацінкавых чарвей роду ТыЬіГех, вусеняў двухкрылых насякомых роду Chironomus, Eristalis і інш. сведчыць пра пэўную ступень забруджанасці вады, бакаплаваў роду Gammarus, водарасцяў роду Fontinalis, фарэлі, харыуса і інш. — пра яе чысціню. Гл. таксама Сапробнасць, Таксобнасць.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)