БІЯГЛІ́ФЫ,

выкапнёвыя сляды жыццядзейнасці арганізмаў на паверхні або ўнутры асадкавых парод. Да біягліфаў адносяцца сляды жыўлення, перамяшчэння арганізмаў, іх норы, хады, зробленыя ў рыхлым (напр., чарвямі, малюскамі) ці шчыльным скалістым (двухстворкамі-каменяточцамі) грунце, на рэштках жывёл і раслін (губкамі, чарвямі, водарасцямі, грыбамі) і інш. На тэр. Беларусі біягліфы адзначаны ў адкладах кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры і мелу. У пясчана-гліністых і карбанатных пародах выяўлены хады чарвей, малюскаў, на міжслаявых паверхнях — сляды поўзання беспазваночных. Біягліфы выкарыстоўваюцца ў геал. даследаваннях для вызначэння ўмоў утварэння асадкавых парод. Вывучае біягліфы палеаіхналогія.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)