Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́ЦЕЎ Хрыста

(6.1.1849, Калофер, Балгарыя — 1.6.1876),

балгарскі паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. Нац. герой Балгарыі. У 1863—66 жыў у Расіі, вучыўся ў Адэскай гімназіі (1863—65), зблізіўся з сасланымі ўдзельнікамі паўстання 1863—64. У 1867 вярнуўся на радзіму, але вымушаны эмігрыраваць у Румынію, дзе знаходзіўся ў цэнтры балг. рэв. эміграцыі. Літ. працу спалучаў з рэв. дзейнасцю: перакладаў, пісаў вершы, фельетоны, апавяданні, выдаваў сатыр. і рэв. газеты. У публіцыстычных артыкулах выступіў як ідэолаг рэвалюцыі, філосаф-матэрыяліст, палітык. Рэаліст. і рэв. паэзія Боцева абапіралася на нац. фальклор, адлюстроўвала драматызм эпохі і веру ў будучыню (усяго больш як 20 вершаў, у т. л. «Барацьба», «На развітанне», «Хаджы Дзімітр»; незавершаная паэма «Гайдукі», 1871). Быў звязаны з М.К.Судзілоўскім, балг. (В.Леўскі і інш.), рус., польск. рэвалюцыянерамі-дэмакратамі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Красавіцкага паўстання 1876, у час якога загінуў. Дзень гібелі Боцева адзначаецца ў Балгарыі як дзень памяці герояў, што загінулі ў вызв. барацьбе. Яго творы на бел. мову перакладалі М.Хведаровіч, Н.Гілевіч, А.Разанаў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень. Мн., 1973;

Рус. пер. — Избранное. М., 1976.

Літ.:

Творчеството на Христо Ботев: Теоретически аспекти. Пловдив, 1995.

Г.Я.Адамовіч.

т. 3, с. 224

БО́ЦЕЎ,

самая высокая вяршыня гор Стара-Планіна, у Балгарыі. Выш. да 2376 м. Складзены з гранітаў. Вяршыня плоская, укрытая лугамі. Названа ў гонар балг. паэта-рэвалюцыянера Х.Боцева.

т. 3, с. 224

БО́ЦІКІ,

аканіт (Aconitum), род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на зарослых хмызняком і вольхай шэрай схілах рачных берагоў вельмі рэдка трапляюцца боцікі шарсцістагубыя (А. lasiostomum) і боцікі паўночныя, або высокія (А. septentrionale); занесены ў Чырв. кнігу. У бат. садах, парках і на кветніках вырошчваюцца 6 інтрадукаваных відаў — боцікі Вільсана (А. wilsonii), боцікі павойныя (А. volubile), боцікі пірамідальныя (А. pyramidalis), боцікі Фішэра (А. ficheri), боцікі фіялетавыя (А. napellus), боцікі Штэрка (А. stoerkianum).

Шматгадовыя травяністыя караняклубневыя або карэнішчавыя расліны. Сцябло простае або галінастае, прамастойнае ці зрэдку павойнае, выш. 100—250 см. Лісце чаргаванае, далонепадобнарассечанае, на чаранках. Кветкі жоўтыя, сінія, фіялетавыя, рэдка белыя, буйныя, няправільныя (верхні пялёстак накшталт шлема), у гронках. Плод — пераважна апушаная шматлістоўка. Лек. (гарачкапаніжальны і болепатольны сродак), дэкар. і ядавітыя (маюць алкалоіды аканіцін, псеўдааканіцін, зангарын) расліны.

т. 3, с. 225

БО́ЦМАН

(галанд. bootsman),

званне малодшага (старшынскага) каманднага саставу на караблі, непасрэдны начальнік палубнай каманды. На вял. ваенных караблях некалькі боцманаў, адзін з іх галоўны.

т. 3, с. 225

БО́ЦУ Павел Пятровіч

(14.7.1933, с. Прыазёрнае Кілійскага р-на Адэскай вобл. — 17.11.1987),

малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі пед. Ін-т (1956). Аўтар зб-каў вершаў «Зямля бацькоў» (1959), «Мацерыкі» (1967), «Дом у Буджаку» (1973; Дзярж. прэмія Малдавіі 1974), «Клятва» (1981), у якіх — этыка-маральныя праблемы, унутраны свет сучасніка. Выступаў як крытык, публіцыст. Вершы паэта, прысвечаныя Беларусі, у кн. «Веравызнанне» (1963). На бел. мову творы Боцу перакладалі М.Аўрамчык, Г.Бураўкін, Х.Жычка, У.Паўлаў, Ю.Свірка (у кн. «Табе, Беларусь», 1968; «Далягляды», 1976, і інш.).

т. 3, с. 225

БО́ЧАВА,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дражбітка, за 30 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,28 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 3,5 м. Пл. вадазбору 2,75 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, берагі нізкія, забалочаныя, пад лесам.

т. 3, с. 225

БО́ЧВАР Андрэй Анатолевіч

(8.8.1902, Масква — 18.9.1984),

савецкі вучоны ў галіне металазнаўства. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1953). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1923). З 1952 дырэктар Усесаюзнага НДІ неарган. матэрыялаў, у 1961—65 у Маскоўскім ін-це металаў і сплаваў. Працы па крышталізацыі, рэкрышталізацыі металаў і сплаваў, іх дэфармацыі пры высокіх т-рах і цісках, структурнай тэорыі гарачатрываласці сплаваў, звышпластычнасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1953. Ленінская прэмія 1961.

т. 3, с. 225

БО́ЧКА,

у архітэктуры, дах у форме паўцыліндра з прыўзнятым і завостраным верхам, які на фасадзе ўтварае кілепадобны франтон. Бочкі вядомыя ў рус. архітэктуры 17—18 ст., пераважна ў драўлянай (цэрквы рус. Поўначы, у т. л. Праабражэнская царква на в-ве Кіжы; палац у Каломенскім, не захаваўся), радзей у мураванай (царква ў пас. Тайнінскае Маскоўскай вобл.). Перакрыжаванне дзвюх бочак утварае крыжападобную бочку, ці кубаватае пакрыццё.

т. 3, с. 225

БО́ЧКАІ

(Bocskai) Іштван (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),

венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.

т. 3, с. 225

БО́ЧКА ВІ́ЛЕНСКАЯ,

даўняя мера аб’ёму сыпкіх рэчываў. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 бочка віленская = 4 чвэрцям = 8 асьмінам = 72 вял. гарцам = 144 гарцам малым = 406,7 л. Прыблізна адпавядае 19 пудам жыта, 18 пудам пшаніцы, 15 пудам ячменю, 10 пудам аўса. У розных раёнах Беларусі на розныя патрэбы існавалі мясц. «бочкі», якія адрозніваліся памерамі.

т. 3, с. 225