БО́ЦІКІ,

аканіт (Aconitum), род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на зарослых хмызняком і вольхай шэрай схілах рачных берагоў вельмі рэдка трапляюцца боцікі шарсцістагубыя (А. lasiostomum) і боцікі паўночныя, або высокія (А. septentrionale); занесены ў Чырв. кнігу. У бат. садах, парках і на кветніках вырошчваюцца 6 інтрадукаваных відаў — боцікі Вільсана (А. wilsonii), боцікі павойныя (А. volubile), боцікі пірамідальныя (А. pyramidalis), боцікі Фішэра (А. ficheri), боцікі фіялетавыя (А. napellus), боцікі Штэрка (А. stoerkianum).

Шматгадовыя травяністыя караняклубневыя або карэнішчавыя расліны. Сцябло простае або галінастае, прамастойнае ці зрэдку павойнае, выш. 100—250 см. Лісце чаргаванае, далонепадобнарассечанае, на чаранках. Кветкі жоўтыя, сінія, фіялетавыя, рэдка белыя, буйныя, няправільныя (верхні пялёстак накшталт шлема), у гронках. Плод — пераважна апушаная шматлістоўка. Лек. (гарачкапаніжальны і болепатольны сродак), дэкар. і ядавітыя (маюць алкалоіды аканіцін, псеўдааканіцін, зангарын) расліны.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)