галіна шаўкаводства па вырошчванні шаўкоўніцы (тутавага дрэва) для выкормлівання тутавага шаўкапрада. Уключае: закладку і эксплуатацыю кармавых пасадак, арганізацыю насенных і чаранковых матачнікаў; нарыхтоўку і захоўванне насення шаўкоўніцы, вырошчванне пасадачнага матэрыялу ў тутавых гадавальніках; вывядзенне новых сартоў шаўкоўніцы, іх выпрабаванне і раянаванне, барацьбу з захворваннямі і шкоднікамі шаўкоўніцы. Пашырана пераважна ў Японіі, Кітаі, Італіі, таксама ў краінах паўд. Еўразіі, Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы.
матыль сям. сапраўдных шаўкапрадаў. Адамашнены ў Кітаі каля 3 тыс. гадоў да н.э. Разводзяць пераважна ў краінах Індакітая і паўд. Еўропы. Выкарыстоўваецца для атрымання шаўкоўнічных коканаў — сыравіны для вырабу натуральнага шоўку (гл.Шаўкаводства). Штучным адборам створаны пароды Т.ш., якія адрозніваюцца памерамі, формай, колерам і структурай абалонкі коканаў, колькасцю пакаленняў за год і інш. У прамысл. шаўкаводстве выкарыстоўваюць гібрыды парод, якія больш жыццяздольныя, даюць высокія ўраджаі коканаў з лепшымі тэхнал. якасцямі.
Крылы ў размаху 4—6 см, белаватыя. Цела масіўнае. Ротавы апарат недаразвіты, дарослыя матылі не кормяцца. Спароўваюцца адразу пасля выхаду з коканаў. Самка адкладвае 500—700 яец (грэн) і гіне. Інкубацыя 10—12 сутак. Вусені за 25—28 сут праходзяць 5 узростаў, кормяцца лісцем шаўкоўніцы і інш. Шоўкавыдзяляльная залоза складае да 26% ад масы вусеня і выдзяляе шаўкавіну — тонкую парную ніць. Кокан складаецца з бесперапыннай шаўкавіннай ніці даўж. 1000—1500 м.
ТУТАНХАМО́Н (літар. — жывы вобраз Амона; троннае імя Небхепрура),
егіпецкі фараон эпохі Новага царства (XVIII дынастыя), правіў каля 1400 — каля 1392 да н.э. Зяць Аменхатэпа IV (Эхнатона) і, магчыма, яго сын ці малодшы брат. Уступіў на прастол у 12-гадовым узросце пад імем Тутанхатон, памёр, не дажыўшы да 20 год. Фактычна ўлада знаходзілася ў руках візіра Эе і інш. вяльмож. Пры Т. адменены рэліг. рэформы Эхнатона, адноўлены культ бога Амона, сам Т. адмовіўся ад імя Тутанхатон і вярнуў рэзідэнцыю фараона з Эхетатона ў г. Фівы. У 1922 выяўлена грабніца Т. — адзінае амаль не разрабаванае пахаванне фараона, дзе захаваліся цудоўныя помнікі мастацтва.
Літ.:
Картер Г. Гробница Тутанхамона: Пер. с англ.М., 1959;
Кацнельсон И.С. Тутанхамон и сокровища его гробницы. 2 изд. М., 1979;
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992.
Тутанхамон у свяшчэннай лодцы. Статуэтка з грабніцы Тутанхамона ў Фівах. XVIII дынастыя. 1-я пал. 14 ст. да н.э.
ТУ́ТАЎ Вадзім Іванавіч (2.5.1932, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 2.1.1999),
бел. вучоны ў галіне металургіі. Д-ртэхн.н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1955). З 1960 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі, з 1972 у БПА. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі бесперапыннага ліцця загатовак суцэльнага і полага сячэння рознага профілю з чорных і каляровых сплаваў для машына- і станкабудавання.
Тв.:
Непрерывное литье намораживанием. Мн., 1979 (у сааўт.);
Специальные способы литья: Справ. М., 1991 (у сааўт.).
ТУТКО́ЎСКІ Павел Апалонавіч (1.3.1858, г.п. Ліпавец Вінніцкай вобл., Украіна — 3.6.1930),
украінскі геолаг. Акад.АН Украіны (1919). Акад.АН Беларусі (1928). Скончыў Кіеўскі ун-т (1882). У 1884—95 хавальнік мінералаг. і геал. кабінетаў Кіеўскага ун-та, з 1914 праф. гэтага ун-та, з 1924 заг. кафедры з 1926 дырэктар Ін-та геалогіі АН Украіны. Навук. працы па мінералогіі, петраграфіі, гідралогіі, палеанталогіі, рэгіянальнай чацвярцічнай геалогіі, геамарфалогіі. Распрацаваў мікрапалеанталагічны метад вывучэння асадкавых горных парод. Прапанаваў новую эолавую тэорыю паходжання лёсаў. Даследаваў геамарфалогію Бел. Палесся і геал. будову Беларусі.
Тв.:
Геологический очерк Минской губернии. Ч. 1. Киев, 1915;
Геологические исследования на территории быв. Минской губернии. Ч. 2. Витебск, 1925.
старажытнаегіпецкі скульптар 14 ст. да н.э. «Начальнік скульптараў» пры двары фараона Аменхатэпа IV — Эхнатона. Працаваў у сталіцы Егіпта пры Эхнатоне — стараж.г. Ахетатон (сучасны Амарна). У 1912 ням. археолаг Л.Борхарт пры раскопках Ахетатона адкрыў майстэрню Т. з шэрагам партрэтных работ, сярод якіх выявы Эхнатона, царыцы Неферціці і іх шасці дачок. Партрэты вылучаюцца выключнай тонкасцю мадэліроўкі, трапяткой адухоўленасцю вобразаў. Іл.гл. да арт.Егіпет Старажытны.
егіпецкі фараон [1521, фактычна 1503—1491 да н.э.]. Да 1503 да н.э. быў адлучаны ад улады сваёй мачахай і суправіцельніцай Хатшэпсут. З 1503 да н.э. вёў войны, у выніку якіх адноўлена егіп. ўладаранне ў Сірыі і Палесціне. У 1492/91 да н.э. перамог цара Мітані і захапіў уладанні на З ад р. Еўфрат. На Пд межы Егіпта пашырыліся да 4-га парога Ніла. Егіпет стаў адной з найб. на той час дзяржаў. Т. III плаціла даніну Лівія; атрымліваў дары ад цароў Сірыі, Вавілоніі і Хецкага царства, з в-ва Крыт. Вялізныя багацці, назапашаныя храмамі ў час праўлення Т. III, узмацнілі жрэцтва, спрыялі пашырэнню культу бога Амона. У 1491—73 да н.э. правіў з сынам Аменхатэпам II.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992.
Тутмос III Менхепера. XVIII дынастыя. 1-я пал. 15 ст. да н.э.
ТУ́ТУ (Tutu) Дэсманд Мпіла (н. 7.10.1931, г. Клерксдарп, Паўд.-Афр. Рэспубліка),
рэлігійны і грамадскі дзеяч Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў Іаганесбургскі ун-т (1954), Тэалагічны каледж св. Пятра (1960), Лонданскі каралеўскі каледж (1966). Магістр тэалогіі. У 1954—57 настаўнічаў. З 1961 святар. З 1975 настаяцель Іаганесбургскага сабора, з 1976 біскуп Лесота, з 1978 ген. сакратар Паўд.-афр. савета цэркваў. Асуджаў палітыку апартэіду ўлад ПАР, стаяў за выключна мірныя сродкі барацьбы; маральна і матэрыяльна падтрымліваў ахвяр паліт. рэпрэсій і іх сем’і. Нобелеўская прэмія міру 1984.
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Свольна, за 25 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,75 км², даўж. 1,2 км, найб.шыр. 900 м, пл. вадазбору 8,16 км². Катлавіна знаходзіцца сярод часткова забалочанага лесу. Праз возера цячэ р. Нячэрская.
добраахвотнае т-ва маладых бел. літаратараў у 1987—90. Аб’ядноўвала каля 80 чал., якія ўдзельнічалі ў мерапрыемствах у падтрымку бел. культуры, мовы, у экалаг. акцыях. «Т.» наладзілі выпуск самавыдавецкага бюлетэня «Кантроль», друкавалі літ. старонкі ў газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», праводзілі літ. вечарыны і інш. Творы членаў т-ва сабраны ў зб. «Тутэйшыя»; Творчасць сяброў таварыства» (1989).