Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУПА́ЕВЫЯ, тупайі (Tupaiidae),

сямейства млекакормячых падатр. паўмалпаў атр. прыматаў. Вядомы з алігацэну Азіі (каля 30 млн. г. назад). 5 родаў, 18 відаў. Пашыраны ў трапічных дажджавых і горных лясах Паўд.-Усх. Азіі, а-вах Малайскага архіпелага. Жывуць у падлеску і на ніжніх галінах дрэў.

Даўж. цела да 25 см, хваста да 22 см, маса да 360 г. Канечнасці кароткія, пярэднія даўжэйшыя за заднія; пяціпальцыя, з кіпцюрамі. Футра густое, мяккае, бурае або карычневае з рознымі адценнямі. Кормяцца раслінамі, насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Тупаевыя. Тупайя звычайная.

т. 16, с. 31

ТУПА́К АМА́РУ (Tupac Amaru; ? — 1572),

апошні правіцель дзяржавы інкаў. З 1570 правіцель (сапа інка) невял. інкскай дзяржавы, якая пасля заваявання ў 1530-я г. іспанцамі імперыі інкаў Таўантынсую захавалася ў аддаленым горным раёне Вількабамба. У 1572 узяты іспанцамі ў палон і пакараны смерцю, што азначала канчатковае знішчэнне індзейскай дзяржавы. У далейшым (да 1923) кіраўнікі індзейскіх паўстанняў у гонар Т.А. бралі яго імя (гл. Тупак Амару II).

т. 16, с. 32

ТУПА́К АМА́РУ II [сапр. Кандарканкі (Condorcanqui) Хасэ Габрыэль; 1738 або 1740—18.5.1781],

кіраўнік найбуйнейшага антыісп. паўстання індзейцаў у Перу. Паходзіў з індзейскай арыстакратыі, звязанай сваяцтвам з дынастыяй правіцеляў імперыі Таўантынсую. У ліст. 1780 абвясціў аднаўленне інкскай дзяржавы, а сябе — яе вярх. правіцелем пад імем Т.А. II у гонар апошняга інкскага правіцеля Тупака Амару. Паўстанне ахапіла ўсю паўд. ч. віцэ-каралеўства Перу і амаль усё Ніжняе Перу (цяпер Балівія), дзе паўстанцамі кіравалі браты Катары. Пасля няўдалай спробы авалодаць г. Куска Т.А. II разгарнуў супраць іспанцаў партыз. вайну. У крас. 1781 узяты ў палон іспанцамі і пакараны смерцю разам са сваякамі і паплечнікамі; паўстанне канчаткова задушана да 1783. Ушаноўваецца ў Перу як нац. герой.

Літ.:

Созина С.А. Тупак. Амару — великий индейский повстанец, 1738—1781. М., 1979.

т. 16, с. 32

ТУ́ПАЛЕЎ Аляксей Андрэевіч (20.5.1925, Масква — 12.5.2001),

расійскі вучоны і авіяканструктар. Акад. Рас. АН (1984, чл.-кар. з 1979). Герой Сац. Працы (1972). Сын А.М.Тупалева. Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1949). З 1942 у доследным КБ А.​М.​Тупалева (з 1973 ген. канструктар), адначасова ў 1978—86 заг. кафедры ў Маскоўскім авіяц.-тэхнал. ін-це, з 1992 ген. канструктар авіяц. карпарацыі. Навук. працы па самалётабудаванні, прынцыпах праектавання самалётаў, аптымізацыі аэрадынамічных форм і кампаноўкі высокаскарасных лятальных апаратаў, праблемах бяспечнасці палётаў. Адзін з распрацоўшчыкаў рэактыўных пасажырскіх самалётаў (Ту-144, Ту-154 і інш.). Пад яго кіраўніцтвам створаны звышгукавы шматмэтавы стратэгічны бамбардзіроўшчык-ракетаносец Ту-160 (1981), эксперым. Ту-155 з рухавікамі на крыягенным паліве (1988), сярэднемагістральны пасажырскі лайнер Ту-204 (1989) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1967. Ленінская прэмія 1980.

Літ.:

Из истории советской авиации. М., 1985.

М.​М.​Касцюковіч.

А.А.Тупалеў.

т. 16, с. 32

ТУ́ПАЛЕЎ Андрэй Мікалаевіч (10.11.1888, с. Пустамазава Цвярской вобл., Расія — 23.12.1972),

савецкі вучоны і авіяканструктар, заснавальнік школы праектавання самалётаў. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. з 1933). Ген.-палк.-інж. (1968). Тройчы Герой Сац. Працы (1945, 1957, 1972). Герой Працы РСФСР (1926). Засл. дз. нав. і тэхнікі Расіі (1933). Бацька А.А.Тупалева. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1918). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Цэнтр. аэрагідрадынамічнага ін-та (ЦАГІ), з 1922 нач. доследнага КБ. У 1937—41 рэпрэсіраваны. З 1941 гал. канструктар авіяц. з-даў, з 1956 Ген. канструктар авіяц. прам-сці СССР. Стварыў больш як 100 тыпаў ваен. і грамадз. самалётаў, у т. л. рэкордны АНТ-25 (1933), найбуйнейшы пасажырскі «Максім Горкі» (1934), бамбардзіроўшчык Ту-2 (1941), першы сав. рэактыўны бамбардзіроўшчык Ту-12 (1947), рэактыўны пасажырскі ТУ-104 (1954), міжкантынентальны турбавінтавы аэробус Ту-114 (1957), рэактыўныя Ту-124, Ту-134, Ту-154 (1960—68), звышгукавы пасажырскі лайнер Ту-144. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1948, 1949, 1952, 1972. Залаты медаль Міжнар. авіяц. федэрацыі (1958).

Літ.:

Кербер Л.Л. Ту — человек и самолет. М., 1973;

А.​Н.​Туполев: Грани дерзновенного творчества. М., 1988;

Даффи П., Кандалов А.И. А.​Н.​Туполев: Человек и его самолеты. М., 1999.

М.​М.​Касцюковіч.

А.М.Тупалеў.

т. 16, с. 32

ТУПА́ЛЬСКІ Мікалай Іванавіч (н. 22.6.1928, в. Рабковічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Канд. пед. н. (1968), праф. (1990). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1953). У 1954—56, 1958—62 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту, з 1962 у Магілёўскім тэхн. ун-це (у 1964—2000 заг. кафедры). Навук. працы па методыцы выкладання ням. мовы, праблемах распрацоўкі навук.-пед. асноў стварэння і выкарыстання падручнікаў.

Тв.:

Немецко-русский терминологический словарь-минимум для технических вузов. Мн.. 1969;

Основные проблемы вузовского учебника. Мн., 1976;

Система требований к учебникам для высшей и средней школы: (Психол.-пед. рекомендации). Мн., 1986;

Немецкий язык для технических вузов. Мн., 1987;

Немецкий язык. Мн., 2000.

т. 16, с. 32

ТУПА́РА (El Tuparro),

запаведнік у Калумбіі. Засн. ў 1970 для аховы ландшафтаў раўнін міжрэчча рэк Тома і Тупара да іх упадзення ў р. Арынока. Пл. 548 тыс. га. Саванны, балоты, галерэйныя і адкрытыя лясы. Багатая фауна млекакормячых (гіганцкія выдра і браняносец, капібара, белахвосты алень), птушак, рэптылій (ігуана, акулярны кайман, арынокскі кракадзіл, анаконда і інш.).

т. 16, с. 32

ТУПІ́К,

1) вуліца, завулак, якія не маюць скразнога праходу і праезду, таксама праход, прастора без далейшага выхаду, прадаўжэння.

2) Чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з інш. пуцямі толькі адным канцом.

3) У пераносным значэнні — бязвыхаднае становішча, невырашальная сітуацыя.

т. 16, с. 32

ТУ́ПІКІ (Fratercula),

род птушак сям. чысцікавых. 2 віды. Т. атлантычны (F. arctica) пашыраны на паўн. узбярэжжы Атлантычнага ак.; Т. ціхаакіянскі, або іпатка (F. corniculata), — па берагах паўн. ч. Ціхага акіяна. Жывуць у расколінах скал, сярод камянёў, часам у норах. Утвараюць калоніі.

Даўж. да 35 см, маса да 590 г. Апярэнне зверху чорнае, знізу белае, шчокі белыя. Дзюба высокая, сціснутая з бакоў, у шлюбным убранні ярка афарбаваная. Лапы аранжава-чырв., з вострымі кіпцюрамі. Кормяцца на мелкаводдзі рыбай, марскімі беспазваночнымі. Адкладваюць 1 яйцо.

Э.​Р.​Самусенка.

Тупік атлантычны.

т. 16, с. 32

ТУПУНГА́ТА (Tupungato),

вулканічны масіў на мяжы Чылі і Аргенціны, адзін з самых высокіх у Андах. Складзены з піраксенаў і андэзітаў. Гал. вяршыня — патухлы аднайм. вулкан выш. 6800 м. Ледавік пл. 157 км². Паўд.-ўсх. адгор’е ўтварае дзеючы вулкан Тупунгатыта (5640 м).

т. 16, с. 32