Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУФАБРЭ́КЧЫЯ, брэкчыя туфавая,

вулканагенна-асадкавая горная парода, утвораная цэментацыяй і ўшчыльненнем буйнаабломкавага рыхлага вулканагеннага матэрыялу. Складзена пераважна з вуглаватых абломкаў лавы, шлаку, вулканічных бомбаў, сцэментаваных дробназярністым туфавым цэментам. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял. Гл. таксама Вулканагенна-асадкавыя пароды.

т. 16, с. 64

ТУ́ФЕЛЬКІ,

род прасцейшых жывёл, гл. Парамецыі.

т. 16, с. 64

ТУФІ́Т,

асадкава-вулканагенная горная парода, складзеная на 50—90% з вулканагеннага матэрыялу (шлак, попел, пемза, абломкі парод) і асадкавага матэрыялу (50—10%). Паводле памераў часцінак (пераважна піракластычных) адрозніваюць Т. псефітавы, псамітавы, алеўрытавы, пелітавы. Цэмент карбанатны або гліністы. Колер стракаты, шэры, бураваты або зеленаваты. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял. Гл. таксама Вулканагенна-асадкавыя пароды.

т. 16, с. 64

ТУ́ФТАЎ Іван Мікітавіч (24.12.1912, в. Гарадзінец Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 21.7.1974),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. Кулямётчык радавы Т. вызначыўся ў сак. 1944 у Вінніцкай вобл. (Украіна) пры фарсіраванні Паўд. Буга і Днястра, дзе агнём з кулямёта прыкрываў пераправу сав. воінаў і падтрымліваў наступленне Чырв. Арміі. Пасля вайны на гасп. рабоце.

т. 16, с. 64

ТУФЦІНА́ Раліна Афанасьеўна (н. 14.10.1933, г. Новасібірск, Расія),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1960). У 1961—93 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. З 1981 выкладае ў Кіеўскай кансерваторыі. У рэпертуары партыі укр., рус. і замежных кампазітараў: Насця («Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Аксана («Гібель эскадры» В.​Губарэнкі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш.

т. 16, с. 64

ТУ́ФЫ (ад лац. tofus),

група горных парод асадкавага і вулканагеннага паходжання. Маюць порыстую структуру, невысокую шчыльнасць, добра апрацоўваюцца. Адрозніваюць Т. вапнавы (траверцін), туф вулканічны і Т. крамяністы (апалавыя адклады з крыніц). Выкарыстоўваюцца як буд. матэрыялы.

т. 16, с. 65

ТУФ ВУЛКАНІ́ЧНЫ,

вулканічная горная парода, утвораная ў выніку цэментацыі цвёрдых прадуктаў вывяржэння вулкана. Адрозніваецца паводле складу (базальтавы, андэзітавы, ліпарытавы і інш.), паводле характару і памеру абломкаў (літакластычны, крышталекластычны, вітракластычны і мяшанага складу; груба-, буйна-, сярэдне- і тонкаабломкавыя). Колер жоўты, аранжавы, ружова-фіялетавы, чырв., карычневы, шэры і чорны. Шчыльн. 1,22—2,25 г/см³, трываласць 140—820 кг/см². Высокія дэкаратыўныя якасці. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і сценавы матэрыял, напаўняльнік лёгкіх бетонаў і інш. Радовішчы ў Арменіі, Італіі, Ісландыі і інш.

т. 16, с. 64