ТУЗ, Туз-Гёлю (Tuz Gölü),
бяссцёкавае салёнае возера на Анаталійскім пласкагор’і, у Турцыі. Размешчана на выш. 899 м, пл. зімой і вясной 1,6—2,5 тыс. км², глыб. да 2 м (летам перасыхае, дно ўкрываецца скарынкай солі). Солі (пераважна NaCl) у вадзе да 34% аб’ёму. Дно гліністае, каля паўд. і зах. берагоў — саланчакі. На ўсх. узбярэжжы здабыча кухоннай солі.
т. 16, с. 22
ТУ́ЗАВА Раіса Уладзіміраўна (н. 24.1.1924, Масква),
бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р вет. н. (1964), праф. (1966). Скончыла Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т мясной прам-сці (1947). З 1952 працавала ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1956 — у Бел. н.-д. вет. ін-це. З 1964 працуе ў Бел. пед. ун-це, адначасова ў Бел. н.-д. вет. ін-це. Навук. працы па праблемах этыялогіі, патагенезу, імунагенезу, эпізааталогіі і вакцынапрафілактыкі бруцэлёзу і туберкулёзу с.-г. жывёл.
Тв.:
Микробные и вирусные заболевания животных. опасные для человека (зоонозы). Мн., 1969;
Туберкулез крупного рогатого скота, методы его диагностики и профилактики. Мн., 1978;
Туберкулез сельскохозяйственных животных и птицы. Мн., 1983;
Кароткі тлумачальны слоўнік тэрмінаў па мікрабіялогіі. Мн., 1991 (разам з К.М.Панюціч).
т. 16, с. 22
ТУ́ЗІКАЎ Аляксандр Васілевіч (н. 5.9.1958, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне матэм. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1980). З 1980 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі, адначасова з 1989 у БДУ. Навук. працы па матэм. метадах лічбавай апрацоўкі відарысаў, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў метады рашэння шматкрытэрыяльных задач тэорыі раскладаў, алгарытмы інварыянтнага параўнання і аналізу выпуклых аб’ектаў адвольнай размернасці. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.
Тв.:
Анализ симметричности и сравнение объектов на основе сложения Минковского. Мн., 1998;
Меры сходства выпуклых многоугольников (у сааўт.) // Докл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 2.
М.П.Савік.
т. 16, с. 22
ТУ́ЗІН (польскае tuzin),
камплект з 12 аднолькавых прадметаў. Выраз «чортаў Т.» абазначае нешчаслівы лік — 13.
т. 16, с. 22
ТУ́ЗЛА (Tuzla),
горад у Босніі і Герцагавіне. Каля 100 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Прам-сць: с.-г. машынабудаванне, хім., дрэваапр., гарбарная, харчовая. Цэнтр горнапрамысл. раёна (здабыча вугалю, кухоннай солі, нафты). Ун-т. Арх. помнікі: мячэць (15 ст.) з мінарэтам, званіца (15 ст.).
т. 16, с. 22