ТУ́ЧА,
вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Тучанка, на аўтадарозе Слуцк—Івацэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Клецк, 156 км ад Мінска. 785 ж., 311 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Іаана-Прадцечанская царква (пач. 19 ст.), сядзіба (2-я пал. 19 ст.).
т. 16, с. 65
ТУЧКЕ́ВІЧ Уладзімір Максімавіч (29.12.1904, с. Яноўцы Чарнавіцкай вобл., Украіна — 24.7.1997),
расійскі і ўкр. фізік, адзін са стваральнікаў вытв-сці сілавых паўправадніковых прылад. Акад. Рас. АН (1970, чл.-кар. 1968). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Кіеўскі ун-т (1928). Працаваў у НДІ Кіева. З 1936 у Фіз.-тэхн. ін-це Рас. АН у С.-Пецярбургу (у 1967—87 дырэктар). Адначасова ў 1935—60 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў. Атрымаў чыстыя монакрышталі германію і крэмнію і прапанаваў тэхналогію вырабу з іх плоскасных дыёдаў і трыёдаў, фотаэлементаў і фотадыёдаў. Распрацаваў тэхналогію вырабу сілавых паўправадніковых прылад і пераўтваральнікаў для электроннай тэхнікі і моцнатокавай электронікі. Разам з А.П.Аляксандравым і І.В.Курчатавым распрацаваў процімінную ахову ваен. караблёў (1941). Дзярж. прэмія СССР 1942. Ленінская прэмія 1966.
Тв.:
Силовое полупроводниковое приборостроение. М., 1980 (у сааўт.).
т. 16, с. 65