Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУ́БА (італьян. і лац. tuba труба),

шырокамензурны духавы муштуковы аркестравы муз. інструмент самага нізкага рэгістра. З’явілася ў Еўропе ў 1820—40-я г. Уяўляе сабой доўгую састаўную шматразова сагнутую метал. трубку з раструбам і вентыльным механізмам. Валодае мяккім, выразным, аб’ёмным тэмбрам, кантрастнай дынамікай. Асн. яе разнавіднасці: басовая, клавікор, вял. басовая («кайзербас»), паходная, валторнавая («вагнераўская»), гелікон, сузафон. У сімф. і духавых аркестрах выконвае пераважна функцыю басовага голасу, а таксама кантрапункт, сольныя фрагменты і творы. Найб. пашыраны Т.-бас і Т.-кантрабас. На Беларусі вядома з 2-й пал. 19 ст. ў духавых аркестрах: Мінскім гарадскім, Мінскага вольна-пажарнага т-ва, Мінскага рэальнага вучылішча, ваен. аркестрах і інш. Выкарыстана ў творах бел. кампазітараў А.​Багатырова, С.​Бельцюкова, Э.​Казачкова, У.​Каральчука.

Літ.:

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

Туба.

т. 16, с. 20

ТУБЕРКУЛЁЗ,

інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая выклікаецца мікабактэрыямі — палачкай Коха; адна з сацыяльных хвароб. Узбуджальнік адкрыты Р.Кохам (1882).

Для чалавека найб. небяспечныя 3 узбуджальнікі: чалавечы. бычыны. афрыканскі. Т. пашкоджвае органы дыхання (найб. часта — 90%), лімфатычныя вузлы. мочапалавую сістэму, косці і суставы. скуру. вочы, кішэчнік і інш. Крыніца інфекцыі — хворы на Т., які выдзяляе з макротай узбуджальнікаў у навакольнае асяроддзе. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым, праз яго рэчы; пры ўжыванні мяса, малака кароў, хворых на Т. Туберкулёзнае запаленне складаецца са спецыфічных клетак з казеёзным некрозам і поласцямі распаду. Адрозніваюць першасны і другасны Т. Першасны бывае ў неінфіцыраваных людзей, часцей у дзяцей і падлеткаў (туберкулёзны працэс пашкоджвае лёгкія, лімфатычныя вузлы. плеўру). Другасныя формы развіваюцца ў інфіцыраваных людзей пры паўторным заражэнні або рэзкім аслабленні арганізма (бывае ачаговы, інфільтратыўны, фіброзна-кавернозны і інш.). Вылучаюць таксама адкрытыя і закрытыя формы, абвастрэнне і затуханне працэсу. Прыкметы: слабасць, патлівасць, схудненне, павышэнне т-ры цела, кашаль з макротай, задышка, Некат. формы працякаюць непрыкметна або бессімптомна. Выяўленне Т.: у дзяцей — туберкулінавыя пробы, у дарослых — рэнтгенафлюараграфічныя агляды, мікраскапія мазка макроты. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, калапсатэрапія, хірургічнае. Вывучае Т. фтызіятрыя. На Т. хварэюць таксама млекакормячыя жывёлы, птушкі.

Літ.:

Ломако М.Н., Судник С.И., Соболь С.А. Руководство по фтизиатрии. 2 изд. Мн., 1991;

Кривонос П.С. Современные возможности и перспективы химиотерапии туберкулеза // Рецепт. 1999. № 1/2;

Кривонос П.С. и др. Проблемы туберкулеза в Республике Беларусь на современном этапе // Актуальные вопросы современной медицины: Материалы юбилейной науч. конф., посвящ. 80-летию БГМУ. Мн.,2001. Ч. 1.

П.​С.​Крыванос.

т. 16, с. 20

ТУБЯРО́ЗА (Polianthes tuberosa),

кветкавая расліна сям. амарылісавых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Культывуецца з 16 ст. як эфіраалейная і дэкар. расліна пераважна ў Міжземнамор’і, Паўд.-Усх. Азіі.

Шматгадовая травяністая цыбульная расліна. Кветаноснае сцябло выш. да 120 см. Прыкаранёвае падоўжанае лісце ў разетцы, сцябловае ўкарочанае, вузкалінейнае. Кветкі пахучыя, белыя, дыяметрам 5—8 см, у рыхлым коласападобным суквецці. Эфірны алей кветак выкарыстоўваюць у парфумерыі.

т. 16, с. 20