ТУ́БА (італьян. і лац. tuba труба),

шырокамензурны духавы муштуковы аркестравы муз. інструмент самага нізкага рэгістра. З’явілася ў Еўропе ў 1820—40-я г. Уяўляе сабой доўгую састаўную шматразова сагнутую метал. трубку з раструбам і вентыльным механізмам. Валодае мяккім, выразным, аб’ёмным тэмбрам, кантрастнай дынамікай. Асн. яе разнавіднасці: басовая, клавікор, вял. басовая («кайзербас»), паходная, валторнавая («вагнераўская»), гелікон, сузафон. У сімф. і духавых аркестрах выконвае пераважна функцыю басовага голасу, а таксама кантрапункт, сольныя фрагменты і творы. Найб. пашыраны Т.-бас і Т.-кантрабас. На Беларусі вядома з 2-й пал. 19 ст. ў духавых аркестрах: Мінскім гарадскім, Мінскага вольна-пажарнага т-ва, Мінскага рэальнага вучылішча, ваен. аркестрах і інш. Выкарыстана ў творах бел. кампазітараў А.​Багатырова, С.​Бельцюкова, Э.​Казачкова, У.​Каральчука.

Літ.:

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

Туба.

т. 16, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)