Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУНГ, алейнае дрэва (Aleurites),

род дрэвавых раслін сям. малачаевых. 5 (паводле інш. звестак 15) відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, на а-вах Ціхага акіяна. У культуры Т.​Форда, або кітайскі (A. fordii), і сэрцападобны, ці японскі (A. cordata).

Лістападныя дрэвы выш. 15—20 м, з рэдкім, амаль кальчаковым галінаваннем. Лісце чаргаванае, простае, суцэльнае або 3—5-лопасцевае. Кветкі сабраныя ў складаныя мяцёлкі. Плод — касцянка. Насенне буйное, ядавітае, мае да 60% тунгавага алею, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці эмалей, лакаў, фарбаў. Тэхн., харч., дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Тунг Форда: ліст, суквецце, плод.

т. 16, с. 27

ТУ́НГАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей з насення тунгу. Атрымліваюць прасаваннем здробненай сыравіны. Вадкасць ад светла-жоўтага да аранжавага колеру, мае непрыемны пах, шчыльн. 940 кг/м³ (20 °C), т-ра застывання ад -17 да -21 °C. Раствараецца ў арган. растваральніках (акрамя метанолу і этанолу). Высыхальны алей (гл. Алеі); мае значную колькасць гліцэрыдаў ненасычаных кіслот — пераважна (71—83% ад агульнай масы кіслот) элеастэарынавай (цыс-9-транс—11—транс—13-октадэкатрыенавай) к-ты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці алкідных смол, алейных лакаў, пластыфікатар у гумавай прам-сці, а таксама ў вытв-сці лінолеуму, цыраты. Таксічны.

т. 16, с. 27

ТУНГІ́РСКІ ХРЫБЕ́Т.

У Забайкаллі, у сістэме Алёкмінскага Станавіка, у Чыцінскай вобл. Расіі. Водападзел паміж верхнімі цячэннямі рэк Алёкма і Тунгір. Даўж. 180 км. Выш. да 1808 м. Складзены з метамарфічных парод, перарваных гранітамі. Па схілах — лістоўнічныя лясы, вышэй 1300 м — пояс кедравага сланіку і горнай тундры.

т. 16, с. 27

ТУНГУ́СА-МАНЬЧЖУ́РСКІЯ МО́ВЫ, тунгускія, маньчжура-тунгускія мовы,

група блізкароднасных моў Сібіры і Д. Усходу, якія, паводле меркавання шэрагу даследчыкаў, уваходзяць у алтайскую моўную сям’ю (гл. Алтайскія мовы). Пашыраны ў Сярэдняй і Усх. Сібіры (значная частка таежнай зоны), на ўзбярэжжы Ахоцкага мора, у Прыамур’і (Расія), Кітаі (Паўн.-Усх. Кітай, Сіньцзян-Уйгурскі аўт. раён), Манголіі (раён Баргі). Да Т.-м. м. належаць эвенкійская (з салонскай і негідальскай), эвенская, удэ(ге)йская (з орачскай), нанайская (з ульчскай і оракскай), маньчжурская (з чурчжэньскай) мовы. Інш. моўныя ўтварэнні цяжка вылучыць з-за дыялектнай раздробленасці Т.-м. м. Ім уласцівы: у фанетыцы сінгарманізм, дыфтонгі; грамат. лад аглюцінатыўны, суфіксальны; у лексіцы шмат запазычанняў з суседніх моў, у прыватнасці з рускай; для сказа характэрны намінатыўны лад. Пісьменства на чурчжэньскай мове з 12 ст. Сучаснае пісьменства на эвенкійскай, эвенскай і нанайскай мовах створана ў 1930-я.г. на аснове рус. графікі, стараж.-маньчжурскае пісьменства на манг. аснове.

Літ.:

Языки народов СССР. Т. 5. Л., 1968.

А.​А.​Кожынава.

т. 16, с. 27

ТУНГУ́СКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбуйн. вугальных басейнаў на тэр. Краснаярскага краю (90%), часткова Рэспублікі Саха (Якуція) і Іркуцкай вобл. ў Расійскай Федэрацыі. Размешчаны на Сярэднесібірскім пласкагор’і ад р. Хатанга да Транссібірскай магістралі. Вядомы з 1860. Пл. каля 1045 тыс. км². Агульныя геал. запасы 2089 млрд. т. Вугляносныя адклады карбону—пярмі (магутнасць 350—1460 м), маюць да 40 вугальных пластоў. Вуглі бурыя, каменныя, антрацыты з шырокім марачным саставам. Выяўлены таксама бурыя вуглі юрскага і палеагенавага ўзросту.

т. 16, с. 28

ТУНГУ́СКІ МЕТЭАРЫ́Т,

касмічнае цела, выбух якога адбыўся 30.6.1908 у басейне р. Падкаменная Тунгуска. Паводле тэарэт. ацэнак меў масу 1 млн. т і рухаўся са скорасцю 60 км/с. Палёт вогненнага шара (баліда) назіраўся з адлегласці 1500 км, выбух быў чуцен на 1200 км ад месца катастрофы. Паветраная і сейсмічная хвалі, а таксама ўзбурэнні магн. поля Зямлі зарэгістраваны ў розных месцах зямнога шара. У ноч пасля падзення Т.м. на вял. тэр. Еўропы і Азіі небасхіл быў такі светлы, што на ім не было відаць зорак. На плошчы каля 2000 км², спустошанай ударнай хваляй, не было знойдзена метэарытных асколкаў. Найб. абгрунтавана меркаванне: тунгуская катастрофа — вынік сутыкнення з Зямлёй невял. каметы, ядро якой зведала надземны цеплавы выбух, а рэчыва хваста абумовіла свячэнне неба на вял. тэрыторыі.

т. 16, с. 28

ТУ́НДЖА,

рака ў Балгарыі і Турцыі (нізоўі), левы, самы вялікі прыток р. Марыца. Даўж. 405 км, пл. бас. каля 7,9 тыс. км². Вытокі ў гарах Стара-Планіна, цячэ па Казанлыкскай катлавіне і Фракійскай нізіне. Зімовае і веснавое разводдзі. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 40 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Вадасховішчы. На Т. — г. Ямбал (Балгарыя), у вусці — г. Эдырне (Турцыя).

т. 16, с. 28

ТУ́НДРА (ад фін. tunturi бязлеснае, голае ўзвышша),

тып расліннасці ў арктычным і субарктычным паясах, пераважна ў Паўн. паўшар’і. Характарызуецца бязлессем, развіццём імховага і лішайнікавага покрываў, шматгадовых траў, кустоў і інш. Вылучаюць Т.: субарктычную, арктычную, горную, таксама імховую, лішайнікавую, кустовую, куп’істую (дзернавіна ўтварае купіны) і паліганальную. Пераважаюць шматгадовыя карлікавыя і сцелістыя расліны (бяроза карлікавая — ернік, вярба палярная, кедравы сланік і інш.) або падушачных форм. Уласціва разнастайнасць дамінантных відаў і мазаічная структура, абумоўленая крыягенным рэльефам. Для фауны Т. характэрны паўн. алень, заяц-бяляк, лемінгі, пясец, вадаплаўныя птушкі, насякомыя. Пашы для паўн. аленяў. Экасістэмы Т. лёгка парушаюцца ў выніку антрапагеннага ўздзеяння і з цяжкасцю аднаўляюцца. Утварае тундравую зону.

т. 16, с. 28

ТУ́НДРАВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

група глеб, якія распаўсюджаны пераважна ў раўнінных і горных тундрах. Фарміруюцца ва ўмовах халоднага клімату, пастаяннага пераўвільгатнення на пародах цяжкага мех. складу, пад малапрадукцыйным расл. покрывам. Звычайна маламоцныя, грубагумусныя, з нізкай мікрабіял. актыўнасцю, часта адзначаюцца прыкметы мярзлотных з’яў. Падзяляюцца на глеевыя, падзолістыя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя і інш. Пашыраны ў паўн. ч. Паўн. Амерыкі і Еўразіі, на в-ве Грэнландыя, некат. астравах Паўн. Ледавітага акіяна.

т. 16, с. 28

ТУ́НДРАВЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны мацерыкоў у арктычных і субарктычных паясах (пераважна ў Паўн. паўшар’і), у прыродных ландшафтах якіх пераважае тундра. У Паўн. паўшар’і працягваецца паласой 300—500 км шырыні ўздоўж паўн. узбярэжжаў Еўразіі (больш за 3 млн. км²), у Паўн. Амерыцы і прылеглых астравах — паміж арктычных пустынь зонай на Пн і лесатундравай зонай на Пд. Асобныя ўчасткі горнай тундры (напр., у гарах Сібіры) знаходзяцца на значнай адлегласці ад марскога ўзбярэжжа. У Паўд. паўшар’і ўчасткі Т.з. на астравах каля Антарктыды.

Вызначаецца нізкім радыяцыйным балансам [у Паўн. паўшар’і на Пн 29—34 кДж/см² (7—8 ккал/см²), на Пд да 84 кДж/см² (да 20 ккал/см²), з кастр. па крас. ён адмоўны], суровай працяглай зімой (8—9 мес), у час якой 60—80 сут доўжыцца палярная ноч. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C да -10 °C, на ПнУ Сібіры і Д. Усходзе да -50 °C. Снегавое покрыва трымаецца з кастр. па чэрв., частыя бураны. Лета кароткае з працяглым палярным днём, т-ры да 10—15 °C адзначаюцца 2—3 мес (найб. цёплы ліп.. жн.); замаразкі магчымы ў любы дзень лета. Характэрна высокая вільготнасць паветра, частыя туманы, імжа. Ападкаў на раўнінах 200—400 мм. у гарах да 750 мм за год. Выпаральнасць нізкая, што спрыяе ўтварэнню балот і пераўвільготненых глеб (гл. Тундравыя глебы). Вегетац. перыяд да 50—100 сут. Пераважае бязлессе, разрэджанае імхова-лішайнікавае, месцамі травяное покрыва. Характэрны карлікавыя дрэвавыя расліны. сланікі, кусты. Пашырана шматгадовая мерзлата, формы мярзлотнага рэльефу, азёры, балоты. Для жывёльнага свету характэрны паўн. алень, воўк, лемінг, пясец. белая і тундравая курапаткі, вадаплаўныя птушкі. шматлікія камары і інш. Насельніцтва занята аленегадоўляй, рыбалоўствам, паляваннем на пушнога і марскога звера, зборам ягад, у асобных рэгіёнах здабычай карысных выкапняў.

т. 16, с. 28