ТУ́НДРА (ад фін. tunturi бязлеснае, голае ўзвышша),
тып расліннасці ў арктычным і субарктычным паясах, пераважна ў Паўн. паўшар’і. Характарызуецца бязлессем, развіццём імховага і лішайнікавага покрываў, шматгадовых траў, кустоў і інш. Вылучаюць Т.: субарктычную, арктычную, горную, таксама імховую, лішайнікавую, кустовую, куп’істую (дзернавіна ўтварае купіны) і паліганальную. Пераважаюць шматгадовыя карлікавыя і сцелістыя расліны (бяроза карлікавая — ернік, вярба палярная, кедравы сланік і інш.) або падушачных форм. Уласціва разнастайнасць дамінантных відаў і мазаічная структура, абумоўленая крыягенным рэльефам. Для фауны Т. характэрны паўн. алень, заяц-бяляк, лемінгі, пясец, вадаплаўныя птушкі, насякомыя. Пашы для паўн. аленяў. Экасістэмы Т. лёгка парушаюцца ў выніку антрапагеннага ўздзеяння і з цяжкасцю аднаўляюцца. Утварае тундравую зону.
т. 16, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)