ТУ́ПАЛЕЎ Андрэй Мікалаевіч (10.11.1888, с. Пустамазава Цвярской вобл., Расія — 23.12.1972),

савецкі вучоны і авіяканструктар, заснавальнік школы праектавання самалётаў. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. з 1933). Ген.-палк.-інж. (1968). Тройчы Герой Сац. Працы (1945, 1957, 1972). Герой Працы РСФСР (1926). Засл. дз. нав. і тэхнікі Расіі (1933). Бацька А.А.Тупалева. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1918). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Цэнтр. аэрагідрадынамічнага ін-та (ЦАГІ), з 1922 нач. доследнага КБ. У 1937—41 рэпрэсіраваны. З 1941 гал. канструктар авіяц. з-даў, з 1956 Ген. канструктар авіяц. прам-сці СССР. Стварыў больш як 100 тыпаў ваен. і грамадз. самалётаў, у т. л. рэкордны АНТ-25 (1933), найбуйнейшы пасажырскі «Максім Горкі» (1934), бамбардзіроўшчык Ту-2 (1941), першы сав. рэактыўны бамбардзіроўшчык Ту-12 (1947), рэактыўны пасажырскі ТУ-104 (1954), міжкантынентальны турбавінтавы аэробус Ту-114 (1957), рэактыўныя Ту-124, Ту-134, Ту-154 (1960—68), звышгукавы пасажырскі лайнер Ту-144. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1948, 1949, 1952, 1972. Залаты медаль Міжнар. авіяц. федэрацыі (1958).

Літ.:

Кербер Л.Л. Ту — человек и самолет. М., 1973;

А.​Н.​Туполев: Грани дерзновенного творчества. М., 1988;

Даффи П., Кандалов А.И. А.​Н.​Туполев: Человек и его самолеты. М., 1999.

М.​М.​Касцюковіч.

А.М.Тупалеў.

т. 16, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)