Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БУЛГАРО́ЎСКІ (Станіслаў) (1.5.1872—24.10.1935),

юрыст і грамадскі дзеяч. Скончыў 7 класаў Віленскай гімназіі і быў выключаны за ўдзел у стварэнні б-кі забароненай л-ры. У 1892 скончыў гімназію ў г. Коўна, паступіў на юрыд. ф-т Варшаўскага ун-та, з якога выключаны за ўдзел у паліт. руху. У 1892—94 у ссылцы ў г. Курск. Скончыў юрыд. ліцэй у Яраслаўлі. У 1896—1905 адвакат у Вільні, у 1905—15 працаваў у г. Друя, С.-Пецярбургу. З 1918 у Польшчы. У 1928 працаваў натарыусам у г. Лодзь (Польшча), у Вільні.

В.​А.​Гапоненка.

т. 3, с. 330

БУЛГА́РЫН (Фадзей Венядзіктавіч) (5.7.1789, маёнтак Пырашава каля в. Пырашава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1859),

рускі журналіст, пісьменнік. Супрацоўнічаў у альманаху «Полярная звезда» А.​А.​Бястужава і К.​Ф.​Рылеева, сябраваў з А.​С.​Грыбаедавым. У 1825—59 (з 1831 разам з М.​І.​Грэчам) выдаваў газ. «Северная пчела», у 1825—39 час. «Сын отечества». Аўтар гіст. і дыдактычных раманаў, нораваапісальных нарысаў, тэатр. і літ. рэцэнзій, фельетонаў. Як літ. крытык выступаў супраць А.​С.​Пушкіна, М.​В.​Гогаля, В.​Р.​Бялінскага і рэаліст. кірунку ў л-ры (назваў яго «натуральнай школай»). У рамане «Іван Выжыгін» (1828), ва ўспамінах і некаторых нарысах адлюстраваў побыт беларусаў. Яркі сатыр. вобраз Булгарына створаны ў бел. ананімнай паэме «Тарас на Парнасе».

Літ.:

Богданович М. Булгарин в белорусской шуточной поэме // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 2;

Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 75—96.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 3, с. 330

БУЛГА́РЫЯ,

гл. Балгарыя Волжска-Камская.

т. 3, с. 330

БУ́ЛДУРЫ (Bulduri),

кліматычны курорт у Латвіі, у складзе г. Юрмала. За 20 км ад Рыгі, на беразе Рыжскага заліва Балтыйскага м. Вызначаецца мяккім марскім кліматам, спрыяльнымі ўмовамі для летніх купанняў. Пясчаны пляж з невял. дзюнамі, хвойная расліннасць. Разам з кліматалячэннем практыкуюцца бальнеа- і фізіятэрапія. Санаторыі, у ліку якіх «Беларусь» (уласнасць Рэспублікі Беларусь), спецыялізуюцца на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і нерв. сістэм. Гасцініцы, пансіянаты, кемпінгі, турысцкія базы і інш.

т. 3, с. 330

Булдык Георгій Мітрафанавіч

т. 18, кн. 1, с. 356

БУЛЕ́ (ад грэч. bulē савет),

у старажытнагрэчаскіх полісах дзярж. савет, якому даручалася весці важнейшыя паліт. справы. Выбіраўся на вызначаны тэрмін. Найб. вядомы буле ў Афінах. Засн. ў 594 да н.э. Салонам і наз. Савет 400, пры Клісфене (509 да н.э.) — Савет 500, з 307 да н.э. — Савет 600. Члены буле падзяляліся на 10 камісій — прытаній, якія выконвалі абавязкі па чарзе. У гамераўскіх паэмах буле — савет радавой знаці пры басілеях.

т. 3, с. 330

БУ́ЛЕВА А́ЛГЕБРА,

апарат сімвалічнай логікі; сукупнасць аб’ектаў з аперацыямі алгебры логікі, якія падпарадкаваны пэўным аксіёмам. Прапанавана Дж.Булем для аналізу рэлейных схем. Знайшла дастасаванне ў тапалогіі, тэорыі імавернасцей і інш. раздзелах матэматыкі. У аксіёмах булева алгебры адлюстравана аналогія паміж паняццямі «мноства», «падзея», «выказванне». Асн. паняцці булева алгебры: логікавая (булева) функцыя, элементарная логікавая функцыя, функцыйна поўная сістэма логікавых функцый, мінімізацыя булевых функцый.

Логікавая функцыя n булевых аргументаў прымае значэнні 0 і 1, азначаецца праўдзіваснай табліцай або аналітычнай залежнасцю ад элементарных логікавых функцый. Вызначана 16 элементарных функцый: кан’юнкцыі (логікавае множанне; аперацыя «І»), дыз’юнкцыі (складанне; «АБО»), інверсіі (адмаўленне; «НЕ»), эквівалентнасці (тоеснасць), складання па модулі 2 (выключальнае «АБО») і інш. Функцыйна поўная сістэма логікавых функцый — сукупнасць функцый, дастатковая для выражэння логікавай функцыі любой складанасці, напр., аперацыя Пірса, аперацыя Шэфера. Мінімізацыя логікавых функцый праводзіцца з мэтай упарадкавання і спрашчэння складаных функцый з дапамогай аксіём булева алгебры, картаў Карно, метадаў Квайна і Мак-Класкі і інш.

Булева алгебра з’яўляецца логікавай асновай функцыянальнай арганізацыі лічбавых ЭВМ; элементарныя логікавыя функцыі рэалізаваны ў спец. інтэгральных мікрасхемах для ЭВМ.

Літ.:

Янсен Й. Курс цифровой электроники: Пер. с голланд.: В 4 т. Т. 1. М., 1987.

А.​С.​Кабайла.

т. 3, с. 330

БУЛЕ́ВІЧЫ,

старажытны княжацкі род. Прадстаўнікі роду Вішымут, Едзівіл і Спрудзейк удзельнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219. На думку гісторыка І.​Бяляева, Булевічы разам з Рушкавічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай); літоўскі гісторык Э.​Гудавічус лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй. Магчыма, яны жылі ў Верхнім Панямонні на ПнУ ад Новагародка, таму кн. Міндоўг, імкнучыся пашырыць свае ўладанні на тэр. летапіснай Літвы, знішчыў усіх Булевічаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 330

БУЛЕ́З ((Boulez) П’ер) (н. 26.3.1925, г. Манбрызон, Францыя),

французскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1945), вучыўся ў А.Месіяна, Р.​Лейбавіца. Паслядоўнік А.Веберна; адзін з лідэраў муз. авангардызму 1950-х г. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі. У яго музыцы шмат прыкладаў тэхнікі пуантылізму, татальнага серыялізму, элементы санорыкі, алеаторыкі. Сярод найб. вядомых твораў: «Малаток без майстра» для голасу і інстр. ансамбля (1954), «Структуры» для 2 фп. (кн. 1—2, 1952—61). Арганізатар і кіраўнік канцэртаў новай музыкі пад назвай «Domaine musical» (1954—67). З 1960-х г. выступае пераважна як дырыжор (з аркестрамі Бі-Бі-Сі, Нью-Йоркскім філарманічным і інш.). З 1975 узначальвае створаны ім у Парыжы Ін-т даследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем (ІКСАМ).

Літ.:

Рабинович Д.А. Джон Барбиролли и Пьер Булез // Рабинович Д.А. Исполнитель и стиль: Избр. статьи. М., 1981. Вып. 2.

т. 3, с. 331

БУ́ЛЕЎ МОХ, Булеўскае балота,

у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Случ і воз. Чырвонае. Нізіннага (93%) і мяшанага (7%) тыпаў. Балота перасякаюць Даманавіцкі і Беладаманавіцкі каналы. Пл. 27,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 18,5 тыс. га. Глыб. торфу да 6 м, сярэдняя 1,7 м. Першапачатковыя запасы торфу 52,8 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 5 м, агульныя запасы 13 млн. м³. Асушаная частка выкарыстоўваецца пад ворыва, сенажаць, здабываецца торф. На астатняй тэр. рэдкія лясы з бярозы, хвоі, ёсць багун, асокі, хвошч, трыснёг; мохавае покрыва са сфагнавых і гіпнавых імхоў.

т. 3, с. 331