БУЛГА́РЫН (Фадзей Венядзіктавіч) (5.7.1789, маёнтак Пырашава каля в. Пырашава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1859),

рускі журналіст, пісьменнік. Супрацоўнічаў у альманаху «Полярная звезда» А.​А.​Бястужава і К.​Ф.​Рылеева, сябраваў з А.​С.​Грыбаедавым. У 1825—59 (з 1831 разам з М.​І.​Грэчам) выдаваў газ. «Северная пчела», у 1825—39 час. «Сын отечества». Аўтар гіст. і дыдактычных раманаў, нораваапісальных нарысаў, тэатр. і літ. рэцэнзій, фельетонаў. Як літ. крытык выступаў супраць А.​С.​Пушкіна, М.​В.​Гогаля, В.​Р.​Бялінскага і рэаліст. кірунку ў л-ры (назваў яго «натуральнай школай»). У рамане «Іван Выжыгін» (1828), ва ўспамінах і некаторых нарысах адлюстраваў побыт беларусаў. Яркі сатыр. вобраз Булгарына створаны ў бел. ананімнай паэме «Тарас на Парнасе».

Літ.:

Богданович М. Булгарин в белорусской шуточной поэме // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 2;

Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 75—96.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)