Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БІ́ТЛЗ»

(англ. «The Beatles»),

англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.Макартні, Дж.Ленан, Дж.Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя форма рок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.

Літ.:

Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ. М., 1990.

т. 3, с. 162

Бітно Леанід Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 352

БІТУМАВО́З,

спецыялізаваны аўтамабіль з цыстэрнай для перавозкі вадкіх бітумных матэрыялаў з т-рай да 200 °C. Забяспечаны падагравальнымі прыстасаваннямі, паказальнікамі ўзроўню запаўнення, тэрмометрамі і інш. Бітумавозы з размеркавальнікамі бітуму выкарыстоўваюцца як аўтагудранатары на буд-ве дарог, аэрадромаў і інш.

т. 3, с. 162

БІ́ТУМНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

тэрмапластычныя матэрыялы на аснове прыродных або штучных нафтавых бітумаў, каменнавугальнага пеку або іх сплаваў. Змяшчаюць 25—60% напаўняльнікаў (баваўняныя ачоскі, кізельгур). Пластычныя сумесі бітуму з дробнадысперснымі напаўняльнікамі (мел, азбест і інш.) наз. бітумнымі масцікамі. Атмасфера- і вільгацеўстойлівыя; перапрацоўваюцца прасаваннем (5—20 МПа) загатовак пры т-ры да 175 °C. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці акумулятарных бакаў, дэталяў электра- і радыёапаратуры, дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў (напр., руберойду), пакрыццяў падлогі і інш.

т. 3, с. 162

БІ́ТУМЫ

(ад лац. bitumen горная смала),

агульная назва прыродных або штучных сумесяў цвёрдых, смолападобных вуглевадародаў і іх кіслародных, сярністых і азоцістых вытворных. Прыродныя бітумы змяшчаюцца ў нафце (асфальт), каменным і бурым вугалі, у невял. колькасцях у асадкавых горных пародах. Раствараюцца ў арган. растваральніках (шкіпінар, уайт-спірыт, нафтавыя і каменнавугальныя сальвенты, бензол, серавуглярод і інш.; пры гэтым атрымліваецца бітумны лак). Цвёрдыя бітумы маюць чорны колер, шчыльн. да 1000 кг/м³, размякчаюцца пры т-ры 25—90 °C. Штучныя атрымліваюць перагонкай бітумаў прыродных, напр. нафтавых астаткаў (астаткавы гудрон) або адходаў кіслотнай ачысткі змазачных маслаў (рэгенерыраваны гудрон). Бітумы выкарыстоўваюць у дарожным буд-ве, вытв-сці буд. і ізаляцыйных матэрыялаў, кампаўндаў, пластмасаў, лакаў, для стварэння воданепранікальных заслонаў у гідратэхн. збудаваннях, аховы бетонных фундаментаў ад уздзеяння грунтавых водаў і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 162

БІ́ТУМЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,

карысныя выкапні арган. паходжання з першаснай вуглевадароднай асновай. Залягаюць у нетрах у цвёрдым, вязкім і вязкапластычным станах. Падзяляюцца на нафтыды і нафтоіды. Нафтыды: нафта і яе натуральныя вытворныя (мальты, асфальты, асфальтыты, керыты, азакерыты і інш.), прыродныя газы. Нафтоіды — нафтападобныя прадукты натуральнай узгонкі арган. рэчыва пад уплывам цяпла магмы. Бітумы прыродныя — комплексная хім. і энергет. сыравіна, крыніцы серы, каштоўных металаў (ванадый, нікель, сурма, уран) і інш. Выкарыстоўваюць як буд. сыравіну (дарожныя пакрыцці, вытв-сць руберойду, асфальтавай масцікі і інш.), у электрапрамысловасці. Найб. запасы бітумаў прыродных у Канадзе, Венесуэле, ЗША. У Беларусі трапляюцца амаль ва ўсіх пародах платформавага чахла, найб. у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе сканцэнтраваны асн. прамысл. паклады нафты. Гл. таксама Бітумы.

т. 3, с. 162

БІТЫ́НІЯ

(Bithynia),

род прэснаводных бруханогіх малюскаў сям. гідрабіід. Каля 20 відаў у Еўразіі і на в-ве Грэнландыя. Занесены ў Паўн. Амерыку. Жывуць у стаячых і праточных вадаёмах, на раслінах, камянях, у глеі. На Беларусі 2 віды: бітынія шчупальцавая (В. tentaculata) пашырана ў рэках, азёрах, вадасховішчах; бітынія Ліча (В. leachi) — рэдкі від, адзначаны ў азёрах Нарач, Дрывяты, Мястра, некаторых вадаёмах Палесся.

Ракавіна выш. да 15 мм, яйцападобная або авальна-канічная, гладкая, радзей спіральнай формы. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Корм для рыб. Ачышчаюць вадаёмы. Некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей, у прыватнасці кашэчай двухвусткі (узбуджальнік апістархозу).

т. 3, с. 162

БІТЭ́ЛЬ Пятро

(Пётр Іванавіч; 19.6.1912, г.п. Радунь Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1991),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні (1931), Мінскі пед. ін-т (1970). У 1931—39 настаўнічаў. У 1944 вывезены ў Германію. Вызвалены ў 1945. У 1947 беспадстаўна звольнены з настаўніцкай працы. Стаў правасл. святаром. У 1950 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобл., Омску і Джэзказгане. У 1956 вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. У 1963—74 зноў настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1978. Друкаваўся з 1929 у час. «Шлях моладзі» пад псеўд. Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968; пра ВКЛ да Крэўскай уніі); «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984; пра Афанасія Філіповіча). Паэмы адметныя гістарызмам мыслення, уменнем эпічна, панарамна паказаць напружаныя моманты жыцця. Пераклаў на бел. мову творы А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Дзяды», «Крымскія санеты»), польскамоўныя паэмы і п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю.І.Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы М.Канапніцкай, Б.Пруса, Ю.Славацкага, Г.Сянкевіча, М.Лермантава, А.Пушкіна, І.Франко, Т.Шаўчэнкі, Б.Брэхта, І.В.Гётэ, Ф.Шылера і інш.

Тв.:

Замкі і людзі. Мн., 1968;

Паэмы. Мн., 1984;

Дзве вайны: Вершы, аповесці. Мн., 1990.

I.У.Саламевіч.

т. 3, с. 163

БІУРЭ́ТАВАЯ РЭА́КЦЫЯ,

рэакцыя Піятроўскага, каляровая рэакцыя (фіялетавая афарбоўка), што атрымліваецца пры ўзаемадзеянні арган. рэчыва, у малекуле якога ёсць пептыдная (амідная) сувязь (-CO-NH-), з сернакіслай меддзю ў шчолачным асяроддзі. Выкарыстоўваецца для колькаснага і якаснага вызначэння бялкоў, а таксама прадуктаў іх гідролізу — пептонаў і пептыдаў, пачынаючы з трыпептыдаў. Упершыню апісана ў 19 ст. для простага арган. злучэння — біурэту (NH2-CO-NH-CO-NH2).

А.М.Ведзянееў.

т. 3, с. 163

БІФО́РЫУМ,

біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі), двухчасткавы арачны праём або элемент аркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 3, с. 163