БІ́ТУМЫ

(ад лац. bitumen горная смала),

агульная назва прыродных або штучных сумесяў цвёрдых, смолападобных вуглевадародаў і іх кіслародных, сярністых і азоцістых вытворных. Прыродныя бітумы змяшчаюцца ў нафце (асфальт), каменным і бурым вугалі, у невял. колькасцях у асадкавых горных пародах. Раствараюцца ў арган. растваральніках (шкіпінар, уайт-спірыт, нафтавыя і каменнавугальныя сальвенты, бензол, серавуглярод і інш.; пры гэтым атрымліваецца бітумны лак). Цвёрдыя бітумы маюць чорны колер, шчыльн. да 1000 кг/м³, размякчаюцца пры т-ры 25—90 °C. Штучныя атрымліваюць перагонкай бітумаў прыродных, напр. нафтавых астаткаў (астаткавы гудрон) або адходаў кіслотнай ачысткі змазачных маслаў (рэгенерыраваны гудрон). Бітумы выкарыстоўваюць у дарожным буд-ве, вытв-сці буд. і ізаляцыйных матэрыялаў, кампаўндаў, пластмасаў, лакаў, для стварэння воданепранікальных заслонаў у гідратэхн. збудаваннях, аховы бетонных фундаментаў ад уздзеяння грунтавых водаў і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)