БІТЫ́НІЯ
(Bithynia),
род прэснаводных бруханогіх малюскаў сям. гідрабіід. Каля 20 відаў у Еўразіі і на в-ве Грэнландыя. Занесены ў Паўн. Амерыку. Жывуць у стаячых і праточных вадаёмах, на раслінах, камянях, у глеі. На Беларусі 2 віды: бітынія шчупальцавая (В. tentaculata) пашырана ў рэках, азёрах, вадасховішчах; бітынія Ліча (В. leachi) — рэдкі від, адзначаны ў азёрах Нарач, Дрывяты, Мястра, некаторых вадаёмах Палесся.
Ракавіна выш. да 15 мм, яйцападобная або авальна-канічная, гладкая, радзей спіральнай формы. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Корм для рыб. Ачышчаюць вадаёмы. Некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей, у прыватнасці кашэчай двухвусткі (узбуджальнік апістархозу).
т. 3, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)