БОРТ
(галанд. boort),
крышталі і дробназярністыя агрэгаты алмазаў нізкай якасці, непрыдатныя для агранкі і выкарыстання як каштоўныя камяні. Выкарыстоўваюцца як высакаякасныя абразіўныя матэрыялы, пры бурэнні горных парод і ў металаапр. Прам-сці.
т. 3, с. 218
БОРТ
(ням. Bord),
1) сукупнасць элементаў набору (бэлек, ліставых канструкцый і інш.) і абшыўкі судна, якія складаюць бакавыя сценкі корпуса.
2) У пераносным значэнні — сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і інш.; часам назва «борт» ужываецца ў дачыненні да асобнага марскога ці паветр. судна ў цэлым («узяць на борт»).
3) Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і інш.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.
т. 3, с. 218
БО́РТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.
т. 3, с. 218
БО́РТНІКІ,
пчаляры, якія займаліся бортніцтвам. Лакальныя назвы на Беларусі — барцялазы, вотчыны. Бортнікі рабілі новыя борці (дуплы ў дрэве) і засялялі іх пчоламі (бароўкамі), рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор’я і шкоднікаў. Умельства Б. пе-. радавалася з пакалення ў пакаленне і ў шмат якіх сем’ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагоддзяў.
т. 3, с. 218
БО́РТНІЦТВА,
лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб. пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.
т. 3, с. 218
БО́РУТА
(Boruta) Казіс (6.1.1905, в. Кулакай Марыямпальскага р-на, Літва — 9.3.1965),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1965). Вучыўся ў Каўнаскім (1924—26) і Венскім (1926—30) ун-тах. Аўтар зб-каў паэзіі «Песні пра ніцыя вербы», «Літва крыжоў» (абодва 1927), «Хлеб надзённы» (1934), «Вершы і паэмы» (1938), аповесцяў «Млын Балтарагіса» (1945), «Прыгоды Юргіса Пакятурыса» (1963), раманаў «Драўляныя дзівосы» (1938), «Пайшлі, каб прынесці на сваіх плячах сонца» (1940), кнігі казак «Неба падае» (1955) і інш. Паэзія Борута вылучаецца экспрэсіўнасцю, проза — фалькл. стылізацыяй. На бел. мову паэт. творы Борута перакладалі Г.Кляўко і А.Разанаў (у кн. «Літоўская савецкая паэзія», т. І, 1977), прозу — Разанаў (у зб. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
Тв.:
Raštai. Т. 1—10. Vilnius, 1970—76.
А.Лапінскене.
т. 3, с. 218
БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.
Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны 10B — паглынальнік нейтронаў Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.
т. 3, с. 218
БО́РХГРЭВІНК
(Borchgrevink) Карстэнс (1.12.1864, Осла — 23.4.1934),
нарвежскі падарожнік. У 1894—95 плаваў матросам у антарктычных водах на нарв. кітабойным судне «Антарктык». 24.1.1895 першы ў гісторыі антарктычных даследаванняў высадзіўся на ўзбярэжжы Антарктыды (каля мыса Адэр). У 1898—99 арганізаваў першую зімоўку на мацерыку. Дасягнуў 78°50′ паўд. шыраты. Зрабіў падрабязнае апісанне Ледзянога бар’ера Роса.
т. 3, с. 218
БО́РХЕРТ
(Borchert) Вольфганг (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),
нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.Гёльдэрліна і Р.М.Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».
Тв.:
Рус. пер. — Рассказы. М., 1962;
Избранное. М., 1977.
Е.А.Лявонава.
т. 3, с. 218