БО́РТНІЦТВА,

лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб. пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)