Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БІ́ТВА НА ВЯДРО́ШЫ 1500.

Адбылася ў ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 на р. Вядроша 14.7.1500. З пачаткам вайны вясной 1500 баявыя дзеянні адбываліся ўздоўж усёй дзярж. мяжы. Вял. князь ВКЛ Аляксандр накіраваў войскі гетмана К.​І.​Астрожскага да Смаленска «стеречи границы», дзе да яго далучыўся гарнізон пад камандаю С.​П.​Кішкі. Пасля гэтага 4—5-тысячнае войска ВКЛ рушыла пад Дарагабуж, дзе стаяў маскоўскі ваявода Ю.​Захар’іч з войскам у 20 тыс. чал. (паводле інш. звестак да 40 тыс. чал.). На пачатку бітвы Астрожскі разбіў авангард маск. войска на левым беразе р. Вядроша, пасля перайшоў раку і атакаваў гал. сілы праціўніка, якімі кіраваў Д.​В.​Шчэня. Зыход 6-гадзіннай бітвы прадвызначыла флангавая атака засаднага маск. палка. Харугвы Астрожскага пачалі адступаць і былі разбіты. Маск. воіны знішчылі мост цераз р. Трасна і дабівалі войска ВКЛ на яе левым беразе. Уцёкамі ўратаваўся толькі Кішка з чатырма ротмістрамі і з некалькімі сотнямі воінаў. Астрожскі з многімі князямі і воінамі трапіў у палон. У выніку бітвы ВКЛ страціла лепшае войска і апынулася ў цяжкім ваенна-паліт. становішчы.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 162

БІ́ТВА ПАД ВАТЭРЛО́О,

гл. ў арт. Ватэрлоо.

т. 3, с. 162

БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.

Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем Пятра I і А.​Д.​Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс. чал.) ген. А.​Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.​Х.​Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс. чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.

т. 3, с. 162

«БІ́ТЛЗ»

(англ. «The Beatles»),

англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.​Макартні, Дж.​Ленан, Дж.​Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя форма рок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.

Літ.:

Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ. М., 1990.

Удзельнікі ансамбля «Бітлз»: уверсе Дж.​Ленан, П.​Макартні, унізе Дж.​Харысан, Р.​Стар.

т. 3, с. 162

Бітно Леанід Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 352

БІТУМАВО́З,

спецыялізаваны аўтамабіль з цыстэрнай для перавозкі вадкіх бітумных матэрыялаў з т-рай да 200 °C. Забяспечаны падагравальнымі прыстасаваннямі, паказальнікамі ўзроўню запаўнення, тэрмометрамі і інш. Бітумавозы з размеркавальнікамі бітуму выкарыстоўваюцца як аўтагудранатары на буд-ве дарог, аэрадромаў і інш.

т. 3, с. 162

БІ́ТУМНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

тэрмапластычныя матэрыялы на аснове прыродных або штучных нафтавых бітумаў, каменнавугальнага пеку або іх сплаваў. Змяшчаюць 25—60% напаўняльнікаў (баваўняныя ачоскі, кізельгур). Пластычныя сумесі бітуму з дробнадысперснымі напаўняльнікамі (мел, азбест і інш.) наз. бітумнымі масцікамі. Атмасфера- і вільгацеўстойлівыя; перапрацоўваюцца прасаваннем (5—20 МПа) загатовак пры т-ры да 175 °C. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці акумулятарных бакаў, дэталяў электра- і радыёапаратуры, дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў (напр., руберойду), пакрыццяў падлогі і інш.

т. 3, с. 162

БІ́ТУМЫ (ад лац. bitumen горная смала),

агульная назва прыродных або штучных сумесяў цвёрдых, смолападобных вуглевадародаў і іх кіслародных, сярністых і азоцістых вытворных. Прыродныя бітумы змяшчаюцца ў нафце (асфальт), каменным і бурым вугалі, у невял. колькасцях у асадкавых горных пародах. Раствараюцца ў арган. растваральніках (шкіпінар, уайт-спірыт, нафтавыя і каменнавугальныя сальвенты, бензол, серавуглярод і інш.; пры гэтым атрымліваецца бітумны лак). Цвёрдыя бітумы маюць чорны колер, шчыльн. да 1000 кг/м³, размякчаюцца пры т-ры 25—90 °C. Штучныя атрымліваюць перагонкай бітумаў прыродных, напр. нафтавых астаткаў (астаткавы гудрон) або адходаў кіслотнай ачысткі змазачных маслаў (рэгенерыраваны гудрон). Бітумы выкарыстоўваюць у дарожным буд-ве, вытв-сці буд. і ізаляцыйных матэрыялаў, кампаўндаў, пластмасаў, лакаў, для стварэння воданепранікальных заслонаў у гідратэхн. збудаваннях, аховы бетонных фундаментаў ад уздзеяння грунтавых водаў і інш.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 162

БІ́ТУМЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,

карысныя выкапні арган. паходжання з першаснай вуглевадароднай асновай. Залягаюць у нетрах у цвёрдым, вязкім і вязкапластычным станах. Падзяляюцца на нафтыды і нафтоіды. Нафтыды: нафта і яе натуральныя вытворныя (мальты, асфальты, асфальтыты, керыты, азакерыты і інш.), прыродныя газы. Нафтоіды — нафтападобныя прадукты натуральнай узгонкі арган. рэчыва пад уплывам цяпла магмы. Бітумы прыродныя — комплексная хім. і энергет. сыравіна, крыніцы серы, каштоўных металаў (ванадый, нікель, сурма, уран) і інш. Выкарыстоўваюць як буд. сыравіну (дарожныя пакрыцці, вытв-сць руберойду, асфальтавай масцікі і інш.), у электрапрамысловасці. Найб. запасы бітумаў прыродных у Канадзе, Венесуэле, ЗША. У Беларусі трапляюцца амаль ва ўсіх пародах платформавага чахла, найб. у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе сканцэнтраваны асн. прамысл. паклады нафты. Гл. таксама Бітумы.

т. 3, с. 162

БІТЫ́НІЯ (Bithynia),

род прэснаводных бруханогіх малюскаў сям. гідрабіід. Каля 20 відаў у Еўразіі і на в-ве Грэнландыя. Занесены ў Паўн. Амерыку. Жывуць у стаячых і праточных вадаёмах, на раслінах, камянях, у глеі. На Беларусі 2 віды: бітынія шчупальцавая (B. tentaculata) пашырана ў рэках, азёрах, вадасховішчах; бітынія Ліча (B. leachi) — рэдкі від, адзначаны ў азёрах Нарач, Дрывяты, Мястра, некаторых вадаёмах Палесся.

Ракавіна выш. да 15 мм, яйцападобная або авальна-канічная, гладкая, радзей спіральнай формы. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Корм для рыб. Ачышчаюць вадаёмы. Некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей, у прыватнасці кашэчай двухвусткі (узбуджальнік апістархозу).

Ракавіна бітыніі шчупальцавай.

т. 3, с. 162