Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ада, прыназ. з Р.

Разм. Тое, што і прыназ. «ад». Звычайна ужываецца ў спалучэннях «ада дня», «ада сну». Тым часам, здарэнні дзень ада дня несупынна ўскладняліся. Гартны. Хто прыносіць нам вясну, сонцам поплаў меціць, будзіць поле ада сну? Жаваранак, дзеці. Вітка.

ада..., прыстаўка (гл. ад...).

Ужываецца замест «ад...»: а) перад двума і больш зычнымі, напрыклад: адабраць, адагнаць, адарваць, адаткнуць; б) перад зычным з наступным апострафам або мяккім знакам, напрыклад: адаб’ю, адап’ю, адалью.

адабра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адабраць ​1.

2. у знач. наз. адабра́нае, ‑ага, н. Тое, што сілай узята, забрана ў каго‑н. Сваю рэзідэнцыю Зюмель Абставіў, як кажуць, на яць, Каб вораг дрыжаў і не думаў Назад адабранае ўзяць. Колас.

адабра́цца, адбярэцца; зак.

Страціць здольнасць рухацца, дзейнічаць у выніку хваробы ці здранцвець ад напружанай працы або страху, хвалявання і пад. [Якуб Колас] сядзеў за сталом.. і працаваў, пакуль не адбярэцца рука. Лужанін.

адабра́ць 1, адбяру, адбярэш, адбярэ, адбяром, адбераце; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. аддаць які‑н. прадмет; сілай забраць у каго‑н., што‑н. Дубінка — скок, скок! Пабегла, адабрала ў ведзьмара гуслі. Якімовіч. Дануся, пакрыўдзіўшыся, адабрала касу і закінула за плячо. Карпюк. Ля сэрца ён хаваў іх [вершы] і бярог, Каб не знайшлі, не адабралі каты. Танк. // Пазбавіць каго‑н. права карыстацца чым‑н. Адабраў пан пасеку, і за гадоў дваццаць пяць парос на ёй густы ельнік ды бярэзнік. Гарэцкі. // Пазбавіць каго‑, чаго‑н., забраўшы сабе, забіўшы, зруйнаваўшы. [Наталля:] — А пасля да мяне прыйшла жанчына і сказала, што я адабрала ў яе мужа. Скрыган. Толькі адно пачуццё яскрава жыло ў Арыне: нянавісць.. да Патапчыка. Гэта ён зглуміў яе шчасце, адабраў у яе чалавека. Чарнышэвіч. [Наста:] Майго любага сына Адабрала вайна, І надзеяй адзінай Засталася яна [Таццяна]. Глебка.

2. Пазбавіць каго‑н. якіх‑н. пачуццяў, якасцей, права на што‑н. Стары Няміра стагнаў на саломе — трывога, здарожанасць адабралі ў яго ўсе сілы. Чорны. [Тася:] — А вайна ўсё зрабіла трагедыяй, усё ў мяне адабрала: і першае каханне, і сям’ю, і нават права быць матуляй. Гарбук. Вораг, якога мы пазналі ў верасні трыццаць дзевятага года, цяпер захацеў адабраць у нас волю і шчасце ўжо назаўсёды. Брыль. // Пазбавіць чаго‑н., што дае сродкі на існаванне. [Алаіза Пашкевіч:] — Я ведаю, што ў вас [рабочых] дзеецца на заводзе. Ведаю, што Суравіч звольніў трыццаць чалавек. Выгнаў іх з завода, адабраў кавалак хлеба. Арабей. У калгасе прыладзіўся [Хмыль] вупраж выдаваць: у старых работу адабраў. М. Стральцоў.

3. Выдаткаваць, патраціць нейкую колькасць часу (сілы, сродкаў, здароўя) на выкананне чаго‑н. Старшы лейтэнант, які то хадзіў туды-сюды, то паглядваў нецярпліва за рэчку, падумаў, што гэтая пераправа адбярэ ў яго многа часу. Мележ. Нямала адабраў здароўя апошні працэс — групавая справа малалетніх парушальнікаў. Васілевіч.

4. безас. Страціць здольнасць чым‑н. валодаць. У Мяфодзія Паўлавіча на некаторы час адабрала мову. Чарнышэвіч. Адабрала ногі, цела змарыла неадольная млявасць. Дуброўскі.

5. Выбраць з аднастайных прадметаў асобныя з іх, якія вылучаюцца пэўнай якасцю або прыкметай. Настаўнік прапануе вучням яшчэ адабраць патрэбныя словы... Самцэвіч. [Сакратар:] — Там [у парткабінеце] з ім [загадчыкам аддзела прапаганды] адбярыце неабходную літаратуру, парайцеся наконт тэмы і плана даклада і — дзейнічайце. Сіўцоў.

6. Спец. Выстругаць адборнікам фігурную паверхню чаго‑н.

адабра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адобрыць.

адабрэ́нне, ‑я, н.

Прызнанне чаго‑н. правільным, станоўчым; пахвала, заахвочванне. Гоман адабрэння. □ Працоўныя Беларусі яшчэ раз выказалі сваё гарачае адабрэнне палітыкі Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада. «Звязда». Поспехі беларускага народа ў будаўніцтве новага жыцця выклікалі адабрэнне і гарачыя сімпатыі ў зарубежных сяброў. Пшыркоў.

адагна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адагнаць.

адагна́цца, адганюся, адгонішся, адгоніцца; зак.

1. Адагнаць каго‑н., прымусіць пайсці прэч. Хлапчукі абляпілі машыну — не адагнацца. Васілевіч.

2. Гонячы (жывёлу), аддаліцца куды‑н., адысці. Мы з авечкамі адагналіся далей ад дому, каб паказаць, што нас блізка няма. Лужанін.

адагна́ць, адганю, адгоніш, адгоніць; зак., каго-што.

1. Сілай або пагрозай прымусіць адысці ад каго‑, чаго‑н., перамясціцца. Адагнаць сабаку. □ Мухі і сляпні Не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў, і Марцін час ад часу саскокваў з драбінкі, каб адагнаць іх. Мележ. Карніцкаму не спадабалася, як ваююць Барсук і Віхор. Адзін падсцерагаў акупантаў каля сваіх зямлянак і нікуды не вылазіў, другі стараўся, колькі ў яго ставала сілы, адагнаць ворага ад сябе як мага далей. Паслядовіч. // Перамясціць (ветрам, плынню і пад.). Баіцца ён [дзядуля], каб не сплылі [дзеці] на чоўнах тых далёка, — адгоніць вецер караблі ў акіян шырокі. Дубоўка. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. думак, пачуццяў, унікнуць якога‑н. фізічнага стану). Каб адагнаць сон, яна [Марылька] устала, прабеглася па беразе, аднак праз нейкі час паўтарылася тое ж самае. Кулакоўскі.

2. Адвесці, загнаць каго‑, што‑н. у якое‑н. месца. [Жылінскі:] — Мяне амаль кожную гадзіну завуць да тэлефона і ўсё пытаюцца, колькі я трактараў адагнаў на станцыю і пагрузіў на платформы. Сіўцоў. // Вярнуць, прымаць, адвесці на ранейшае месца. Адагнаць машыну ў гараж. □ Васіль падвёз Ніну да самага яе двара, потым адагнаў каня на канюшню, распрог і пайшоў дадому. Гаўрылкін.

3. Разм. Аддзяліць, праводзячы баразну, мераючы; адсякаючы, адшчэпліваючы, адбіць. Пойдзем разам з намі сёння, На узгорку, пры, гайку, Пяць гектараў мы адгонім, На цябе і на дачку. Броўка.

4. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Адагнаць шкіпінар.

адагну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адагнуць.