адкава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкаваць.
адкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Выкаваць. Адкаваць парог.
2. Аддзяліць што‑н. прыкаванае; раскаваць. Адкаваць каня.
адкаве́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адкавяліць.
адкавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑веліць; зак., што і чаго.
Разм. Адрэзаць вялікі кавалак (хлеба, сала і пад.); адкроіць. Старшына ледзь прыкметна паціснуў плячыма, падміргнуў насмешліва хлопцам і, мнагазначна кашлянуўшы, адкавяліў кавалак сала. Васілевіч. [Паўлік] пабег у хату, адкавяліў лусту хлеба, пасыпаў яе соллю і вынес Андрушку. Лобан.
адка́з 1, ‑у, м.
1. Выкліканыя пытаннем або зваротам словы, выказаныя вусна ці пісьмова. Даць адказ. Ухіліцца ад адказу. □ Я ў той жа дзень, мой дарагі татуля, Пішу табе свой франтавы адказ. Астрэйка. // Расказванне вучнем урока; выклад матэрыялу на пастаўленае пытанне. Грунтоўны адказ.
2. Пачуццё, рэакцыя; водгук (у 4 знач.). Адказ жывога арганізма на раздражненне. // Выкліканыя чым‑н. дзеянні, учынкі. Калектывізацыя была адказам на многія жыццёвыя пытанні і грамадскія праблемы. Адамовіч.
3. Вынік рашэння матэматычнай задачы, прыкладу. Адказ сышоўся.
4. Тое, што і адказнасць (у 1 знач.). За зло мы ўсе адказ нясём... Колас.
адка́з 2,
У выразе: да адказу — да нельга, да канца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч.
адказа́цца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; заг. адкажыся; зак.
Тое, што і адмовіцца.
адказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; заг. адкажы; зак.
1. каму, на што і без дап. Сказаць, паведаміць што‑н. у адказ на зварот ці запытанне. Адказаць на пытанне. □ Ну, куды пойдзем? — запытала Зося. — Вядома, што да Ліня, — адказала Гэля. Гартны. // Паслаць адказ на чыё‑н. пісьмо. [Бабуля:] — Ужо мінула два месяцы, а мой [сын] яшчэ не адказаў на пісьмо. Бядуля. // што. Расказаць настаўніку урок.
2. без дап. Адазвацца, адклікнуцца на голас, покліч і пад. Выйшаў з хаты пастушок, І зайграў ён у ражок.. І кароўкі ўміг яму Адказалі: «Му-му-му!..» Журба. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела і моцна адказаў.. па-нямецку. Брыль.
3. чым. Павесці сябе пэўным чынам, выказваючы свае адносіны да чаго‑н.; ужыць якія‑н. захады, дзеянне ў адказ на што‑н. На жарты адказаць жартамі. □ І сумаваць яшчэ так рана.., Калі на шум лясны ў тумане Ўмееш песняй адказаць. Танк. Не адказалі [ворагі] ніводным стрэлам: агонь наш быў трапны. Янкоўскі.
4. за што і без дап. Быць пакараным, панесці адказнасць за каго‑, што‑н. [Каршукоў:] — Ну, ды мне што. Я за сваё адкажу, не баючыся. Ядзі шкада. Сідаронак ёй не даруе. Асіпенка.
5. без дап. Разм. Выйсці са строю, сапсавацца. Тармазы ў машыне адказалі.
адка́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адказацца.
адка́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
1. Незак. да адказаць.
2. Прымаць на сябе адказнасць (у 1 знач.), несці адказнасць за каго‑, што‑н. Адказваць за выкананне вытворчага плана.
•••
Адказваць галавою за каго‑, што‑н. — браць на сябе поўную адказнасць за каго‑, што‑н.
адка́знасць, ‑і, ж.
1. Ускладзены на каго‑н. або ўзяты кім‑н. абавязак; даваць справаздачу пра якія‑н. свае дзеянні і быць гатовым адказваць за іх вынікі. Несці адказнасць. Баяцца адказнасці. Ускласці адказнасць. Браць на сябе адказнасць. Пад асабістую адказнасць. Прыцягнуць да адказнасці. Павысіць адказнасць. Крымінальная адказнасць. Адчуваць цяжар адказнасці.
2. Сур’ёзнасць, важнасць чаго‑н. Адказнасць моманту. Адказнасць даручэння.
•••
Несці адказнасць гл. несці.