адрабі́цца, ‑раблюся, ‑робішся, ‑робіцца; зак.
Разм. Скончыць работу. // Стаць непрыдатным да работы.
адрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.
1. Разлічыцца за даўгі, атрыманыя грошы і пад. сваёй працай. — Дзякуй вам, дзякуй! — пачаў паўтараць.. Даніла і ледзь не кланяецца гаспадыні. — Мы заплацім, як прыедзе сын, а то я адраблю валі, кашоў напляту. Кулакоўскі.
2. Разм. Скончыць працаваць. Адрабіўшы, можна і адпачыць. // Перастаць рабіць, папрацаваўшы доўгі час, аддаць працы многа сіл, стаць непрыгодным для працы. [Сын з нявесткай:] — Не табе, старой, сягоння Раўнавацца з намі, Ты сваё ўжо адрабіла, Справімся і самі. Русак. — Дзед ужо не работнік... — ледзьве прагаварыла маці праз плач. — Дзед сваё адрабіў... Якімовіч. // Знасіцца ад працяглай работы (пра машыны, прылады і пад.).
3. Папрацаваць нейкі час. Пастушэня гутаркай кароткай быў узрушан, хоць нямала ён у праектнай адрабіў канторы, розных шмат спраектаваў мастоў. Русецкі.
4. чаго, што. Зрабіць так, каб вярнуць што‑н. да ранейшага стану. Адно для Сценкі было ясна: цяпер ён за парогам бацькавай хаты. Таго, што зрабілася, назад не адробіш. Колас.
адрабля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да адрабляць.
адрабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да адрабіць (у 1, 4 знач.).
адрабо́т, ‑у, М ‑боце, м.
Тое, што і адработак.
адрабо́так, ‑тку, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. адрабіць (у 1 знач.).
2. толькі мн. (адрабо́ткі, ‑аў). Праца селяніна сваімі прыладамі і коньмі на памешчыка, кулака за доўг, зямлю. Парабкам [фон Крош] плаціў вельмі мала, уся вёска хадзіла да яго на адработкі. Арабей.
адрабо́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да адработку (у 2 знач.). Адработачная рэнта. Адработачная гаспадарка.
адраджа́льны, ‑ая, ‑ае.
Здольны адраджаць, аджыўляць. [Купала:] — А хіба «жывая вада» з нашых казак гэта не народная вера ў адраджальную сілу зямлі? Лужанін.
адраджа́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адрадзіцца.
2. Зал. да адраджаць.
адраджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адрадзіць.