адпаве́дна,
1. прысл. Належным чынам, суразмерна.
2. прыназ. з Д і Т. Згодна чаму і згодна з кім-чым; у залежнасці ад чаго‑н. Пан Длугошыц, кожны раз сустракаючы новага госця, выказваў усе адзнакі гаспадарскай радасці і шляхетнасці: кланяўся, ветліва націскаў руку, кідаў тую ці іншую фразу, адпаведна выпадку ці асобе госця. Колас. — Думка асушыць Калхіду з’явілася даўно, — гаварыў Андрэй Міхайлавіч. — Яна ўмацоўвалася адпаведна з ростам тэхнікі. Самуйлёнак.
адпаве́днасць ‑і, ж.
Узгодненасць, роўнасць ці падабенства з’яў, прадметаў у якіх‑н. адносінах. Адпаведнасць вытворчых адносін ступені развіцця прадукцыйных сіл.
•••
У адпаведнасці з чым — згодна з чым‑н.
адпаве́днік, ‑а, м.
Што‑н. раўназначнае, раўнацэннае чаму‑н.; эквівалент. Аўтар [кнігі «Роднае слова» Ф. Янкоўскі] падрабязна разглядае спецыфічныя гукі беларускай фанетыкі, супастаўляючы іх з рускімі адпаведнікамі. «Полымя».
адпаве́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Патрэбны, які падыходзіць для дадзенага выпадку. Палкоўнік у адпаведных месцах усміхаўся, .. часам нават у знак згоды злёгку ківаў галавой. Лынькоў. [Марыне Паўлаўне], відаць, .. [цяжка] было знайсці адпаведны тон — яна баялася, каб не раззлаваць.. [Карызну]. Зарэцкі.
2. Які адпавядае чаму‑н. Як вядома, многія словы ў беларускай мове адрозніваюцца паміж сабою толькі па цвёрдасці або мяккасці адпаведных зычных. Юргелевіч. На адпаведных паваротах рэчкі, паміж двума радамі чароту паказалася святло фараў. Брыль. // Які вынікае з чаго‑н. папярэдняга. Пленум прыняў па дакладзе адпаведную пастанову. □ Сцёпка замяўся, а стрэлачнік атакаваў яго яшчэ больш энергічна, зрабіўшы з гэтага адпаведны вывад. Колас.
адпавяда́нне, ‑я, н.
Разм. Тое, што і адказ (у 1 знач.). На добрае пытанне добрае і адпавяданне. Прыказка. Якое пытанне, такое і адпавяданне. Прыказка.
адпавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаму.
1. Быць у суладнасці, стасавацца з чым‑н.; гарманіраваць. Пейзаж тут новы, і ён на дзіва адпавядае душэўнаму стану галоўнага героя. Кучар. У годзе ёсць адзіная пара, што сталаму адпавядае ўзросту. Русецкі.
2. Быць вартым чаго‑н., падыходзячым для якіх‑н. мэт; задавальняць. [У.І. Ленін] звяртаў асаблівую ўвагу на тое, наколькі светапогляд пісьменніка, яго бачанне рэчаіснасці адпавядаюць думкам і пачуццям народных мас. Івашын.
3. Супадаць, быць роўным, аднолькавым з чым‑н. Цана павінна адпавядаць вартасці тавару. Копія адпавядае арыгіналу. □ Тое.. [ўяўленне] аб рабфаку, што склалася ў Сцёпкі дома, зусім не адпавядала таму рабфаку, які Сцёпка бачыў цяпер перад сабою. Колас.
4. Быць у пэўных суадносінах, сувязі з чым‑н. Большасці цвёрдых адпавядаюць мяккія зычныя, у выніку чаго ўтвараюцца суадносіны зычных у беларускай мове па цвёрдасці і мяккасці. Юргелевіч.
адпада́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. адпадаць — адпасці (у 1 знач.).
адпада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адпасці.
адпадзе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адпадаць — адпасці.
адпаі́ць, ‑паю, ‑поіш, ‑поіць; заг. адпаі; зак., каго.
1. Адкарміць малаком; выгадаваць на пойле. Адпаіць цяля.
2. Разм. Вылечыць, давесці да нармальнага стану якім‑н. пітвом, лякарствам.