адба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак.
Аддзяліць, адняць, памяншаючы колькасць чаго‑н.
адбале́ць, ‑ліць; зак.
Перастаць балець, супакоіцца. Муж .. памёр так даўно, што боль адбалеў і забыўся. Брыль.
адбалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак.
Кончыць баляваць.
адбамбі́цца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Разм. Скончыць бамбіць. Зноў загулі самалёты. — Вяртаюцца, адбамбіліся, гады, — падумаў Данік. Шамякін.
адбамбі́ць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што і без дап.
1. Правесці бамбёжку чаго‑н.
2. Тое, што і адбамбіцца.
адбанкетава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Кончыць банкетаваць (у 1 знач.).
адбараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што і без дап.
1. Скончыць барабаніць.
2. перан. Без старання, невыразна выканаць, прачытаць што‑н. Адбарабаніць верш. Адбарабаніць прамову.
3. Разм. Адслужыць, адпрацаваць доўгі час на якой‑н. малацікавай рабоце, службе. Іванаў дзед, Сымон Мурашка, быў калісьці «мікалаеўскім» салдатам. Дваццаць пяць год адбарабаніў. Брыль.
4. каго і без дап. Хутка прайсці, праехаць; завезці. [Майбарада:] — То трэба было і чакаць аўтобуса. Можа абышлося б і дзешавей. Або можна было і пехатою адбарабаніць. Скрыган. — Усё, што магу для цябе зрабіць, гэта сказаць вось Пятру Іванавічу, каб ён адбарабаніў цябе на гэтым газіку на пост да старога Кузьмы. Краўчанка.
адбаранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.
Кончыць баранаваць.
адбарані́цца, ‑баранюся, ‑баронішся, ‑бароніцца; зак.
Абараніцца ад нападу, засцерагчыся ад чыіх‑н. непрыхільных, варожых дзеянняў. Дамець хоць крыкам памагаў яму, бо ведаў: не можа быць, каб Ларывон не адбараніўся. Сабаленка. [Гаспадары:] — Ой, добры чалавек, у нас мышэй і пацукоў поўна — мы ад іх адбараніцца не можам. А цябе, свежага, яны і зусім з’ядуць. Якімовіч.
адбарані́ць, ‑бараню, ‑бароніш, ‑бароніць; зак., каго-што, ад каго-чаго.
Абараніць каго‑н., засцерагчы ад чыіх‑н. непрыхільных, варожых дзеянняў. Адбараніць ад хуліганаў. Адбараніць ад сабак.