Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адча́й, ‑ю, м.

1. Стан крайняй безнадзейнасці, упадку духу з прычыны гора, непрыемнасці; роспач. «Што рабіць, што рабіць?» — у адчаі шаптала .. [Антаніна] і кінулася ў канюшню, што стаяла поруч, да Лявона. Васілевіч. Ах, як.. [Жэні] цяжка было сказаць апошнія словы! Яна вымавіла іх з горыччу і нават з адчаем. Мележ. Фінал .. большасці навел Мапасана — беспрасветны адчай. Галавач.

2. Рашучасць, адвага, вялікая рызыка, безразважная храбрасць. Адзін немец трымаў лескі, а другі, ускарабкаўшыся па іх пад самую страху, сцягваў з сена нейкую жанчыну. Жанчына з адчаем адбівалася. Колас. Вада ў лодцы ўсё прыбывала, і ніякая сіла ўжо не магла спыніць яе. Са злым адчаем выбіваліся з сіл Федзя і Ільюша. Каваль. Камандзір палка толькі дзівіўся адчаю і смеласці хлапцоў і Ганны. Нікановіч.

адча́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Паддавацца адчаю, траціць надзею, падаць духам. [Багуцкі:] — А вы не адчайвайцеся, пан шэф. У вас такія заваёвы! Лынькоў. [Усевалад:] — Не, я не адчайваюся, ты ж бачыш. Толькі неяк крыўдна трохі — чаму такая несправядлівасць? Мне здаецца, будучыня — гэта перш за ўсё хараство. Скрыган.

2. Рашацца, адважвацца на што‑н. смелае, рызыкоўнае.

адча́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць адчайнага.

адча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны адчаю, адчайнасці; роспачны. — Мама! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка.

2. Рашучы, адважны, безразважны; небяспечны, рызыкоўны, дзёрзкі. [Пятра] апанавала неразумная адчайная адвага. Шамякін. Адчайная думка застраміла кухару мазгі, і ён паманіў князёвага ката выстаўленымі пальцамі. Гарэцкі.

адчака́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адчаканіць.

адчака́ніцца, ‑віцца; зак.

1. Стаць гатовым, атрымацца ў выніку чаканні.

2. перан. Выразна вырысавацца. На сцяне адчаканіліся вокны.

адчака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

1. Вырабіць шляхам чаканні. Адчаканіць медаль. Адчаканіць надпіс.

2. і без дап. Вымавіць раздзельна і выразна. «Я сказаў, што вядзе гэтым разам Ячны. Усё, можаш ісці», — адчаканіў пан Шпэк. Брыль. Скрозь пару.. [Разкюхайлін] уставіў свае круглыя вочы на Стафанковіча і густым басам адчаканіў: — Можа сказаць, жывём і хлеб жуём, мірна дні свае дажываем. Чорны.

адчака́ньвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адчаканьваць.

адчака́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адчаканіць.

адча́л, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адчальваць — адчаліць.