Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адубе́ласць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць адубелага.

адубе́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які адубеў, акалеў; змёрзлы. Уначы ад марозу лопаліся бярвенні ў сценах, а неяк раніцай Сяргейка знайшоў у сенцах двух адубелых вераб’ёў. Хомчанка. // Які стаў нягнуткі ад холаду; скарчанелы. Здавалася, што адубелыя рукі не вытрымаюць, міна паляціць уніз. Новікаў.

2. Цвёрды, каляны ад вады, холаду. Галіна адварочвалася, пазірала ў самы куток машыны, дзе, уваткнуты між рамай і брызентам, калыхаўся адубелы ад вады зялёны плашч-накідка. Пташнікаў.

адубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Вельмі змерзнуць, застыць ад холаду; скарчанець. Стары Няміра адубеў, стоячы на скавышы. Чорны.

2. Стаць нягнуткім, непаслухмяным; страціць адчувальнасць, здольнасць рухацца; агрубець. [Дар’я:] А чаму.. [рукі] граблямі сталі? Чаму яны адубелі? Ад бульбы, што кожны дзень чышчу. Ад бялізны, што мыю? Губарэвіч. // Ахалодаць, адзеравянець (пра нябожчыка). [Юзэфа:] — Спіць [Акцызнік]. Як з ног зваліўся. Не дабудзішся, не даклічашся... Што калода. Можа ўжо і адубеў дагэтуль. Пташнікаў.

адубяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і адубелы. Адубянелы ад марозу Выцягваў Саўка з тайніка Сабе й Лявону папяросу. Гаўрусёў.

адубяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і адубець. [Прыборны:] — Дадумаўся, ліха на цябе, у лістападзе Днепр пераплываць. Зусім адубянець мог на сярэдзіне. Шамякін. Васіль Ціханавіч.. стаяў.. і думаў, як адважыцца сказаць пра смерць Дзяніса. Гэта трэба зрабіць сёння — для гэтага ж ён і прыйшоў сюды, але адчуваў, што язык нібы адубянеў. Сіўцоў.

адува́нчык, ‑а, м.

Расліна сямейства складанакветкавых са сцяблом з малочным сокам, жоўтымі кветкамі і пушыстым семем, якое разносіцца ветрам. Каля дарогі раслі адуванчыкі. □ Чатыры леты Прабеглі над бяляваю галоўкай, Якая, быццам спелы адуванчык, Качаецца пад ветрам вольных песень. Караткевіч.

аду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. аду́жай зак., каго-што.

1. Падужаць, перамагчы, адолець, узяць верх над кім‑, чым‑н.; справіцца з кім‑, чым‑н. Пачуў [Васіль], як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Мележ. Што нам мяцеліца, Вецер і сцюжа? Што маладосць нашу Зможа адужаць? А. Александровіч. // Авалодаць якім‑н. рамяством, умельствам. [Дзед:] — Малады яшчэ ты дужа падымаць у кузні молат. Рамяство маё адужаць — гэта іншая размова. Дубоўка.

2. Змагчы, здолець. Конь такі, што гадай, ці адужае прывалачы столькі лесу. Мележ. [Гіляр:] — Я згодзен ісці пехатой да самых Бацяновіч і несці на сябе столькі арэхаў, колькі адужаю, абы ў нас сталася так, як тут. Дубоўка.

адужа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; заг. адужа́й; зак.

Набрацца сілы; ачуняць пасля хваробы. Мы адлятаць гатовы ў родны край, Туды, дзе адужалі нашы крылы. Барадулін. Каб адужалі дрэўцы, Каб цешыліся сэрцы, Калі там зашуміць здалёк Зялёны хвойнік ці гаёк. Лужанін. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок. Кулакоўскі.

аду́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адужаць.

адужэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў дужэйшы; які паправіўся пасля хваробы.

адужэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Тое, што і адужа́ць.

2. перан. Палепшыць сваё маёмаснае становішча. [Сцяпан і Волька] пачалі будаваць гэту маленькую хатку, спадзеючыся, што, як адужэюць, паставяць новую, прасторную і светлую. Скрыган.