адрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. Разлічыцца за даўгі, атрыманыя грошы і пад. сваёй працай. — Дзякуй вам, дзякуй! — пачаў паўтараць.. Даніла і ледзь не кланяецца гаспадыні. — Мы заплацім, як прыедзе сын, а то я адраблю валі, кашоў напляту. Кулакоўскі.

2. Разм. Скончыць працаваць. Адрабіўшы, можна і адпачыць. // Перастаць рабіць, папрацаваўшы доўгі час, аддаць працы многа сіл, стаць непрыгодным для працы. [Сын з нявесткай:] — Не табе, старой, сягоння Раўнавацца з намі, Ты сваё ўжо адрабіла, Справімся і самі. Русак. — Дзед ужо не работнік... — ледзьве прагаварыла маці праз плач. — Дзед сваё адрабіў... Якімовіч. // Знасіцца ад працяглай работы (пра машыны, прылады і пад.).

3. Папрацаваць нейкі час. Пастушэня гутаркай кароткай быў узрушан, хоць нямала ён у праектнай адрабіў канторы, розных шмат спраектаваў мастоў. Русецкі.

4. чаго, што. Зрабіць так, каб вярнуць што‑н. да ранейшага стану. Адно для Сценкі было ясна: цяпер ён за парогам бацькавай хаты. Таго, што зрабілася, назад не адробіш. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)