адказаць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; заг. адкажы; зак.

1. каму, на што і без дап. Сказаць, паведаміць што‑н. у адказ на зварот ці запытанне. Адказаць на пытанне. ▪ Ну, куды пойдзем? — запытала Зося. — Вядома, што да Ліня, — адказала Гэля. Гартны. // Паслаць адказ на чыё‑н. пісьмо. [Бабуля:] — Ужо мінула два месяцы, а мой [сын] яшчэ не адказаў на пісьмо. Бядуля. // што. Расказаць настаўніку урок.

2. без дап. Адазвацца, адклікнуцца на голас, покліч і пад. Выйшаў з хаты пастушок, І зайграў ён у ражок.. І кароўкі ўміг яму Адказалі: «Му-му-му!..» Журба. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела і моцна адказаў.. па-нямецку. Брыль.

3. чым. Павесці сябе пэўным чынам, выказваючы свае адносіны да чаго‑н.; ужыць якія‑н. захады, дзеянне ў адказ на што‑н. На жарты адказаць жартамі. ▪ І сумаваць яшчэ так рана.., Калі на шум лясны ў тумане Ўмееш песняй адказаць. Танк. Не адказалі [ворагі] ніводным стрэлам: агонь наш быў трапны. Янкоўскі.

4. за што і без дап. Быць пакараным, панесці адказнасць за каго‑, што‑н. [Каршукоў:] — Ну, ды мне што. Я за сваё адкажу, не баючыся. Ядзі шкада. Сідаронак ёй не даруе. Асіпенка.

5. без дап. Разм. Выйсці са строю, сапсавацца. Тармазы ў машыне адказалі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)