адагнаць, адганю, адгоніш, адгоніць; зак., каго-што.
1. Сілай або пагрозай прымусіць адысці ад каго‑, чаго‑н., перамясціцца. Адагнаць сабаку. ▪ Мухі і сляпні Не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў, і Марцін час ад часу саскокваў з драбінкі, каб адагнаць іх. Мележ. Карніцкаму не спадабалася, як ваююць Барсук і Віхор. Адзін падсцерагаў акупантаў каля сваіх зямлянак і нікуды не вылазіў, другі стараўся, колькі ў яго ставала сілы, адагнаць ворага ад сябе як мага далей. Паслядовіч. // Перамясціць (ветрам, плынню і пад.). Баіцца ён [дзядуля], каб не сплылі [дзеці] на чоўнах тых далёка, — адгоніць вецер караблі ў акіян шырокі. Дубоўка. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. думак, пачуццяў, унікнуць якога‑н. фізічнага стану). Каб адагнаць сон, яна [Марылька] устала, прабеглася па беразе, аднак праз нейкі час паўтарылася тое ж самае. Кулакоўскі.
2. Адвесці, загнаць каго‑, што‑н. у якое‑н. месца. [Жылінскі:] — Мяне амаль кожную гадзіну завуць да тэлефона і ўсё пытаюцца, колькі я трактараў адагнаў на станцыю і пагрузіў на платформы. Сіўцоў. // Вярнуць, прымаць, адвесці на ранейшае месца. Адагнаць машыну ў гараж. ▪ Васіль падвёз Ніну да самага яе двара, потым адагнаў каня на канюшню, распрог і пайшоў дадому. Гаўрылкін.
3. Разм. Аддзяліць, праводзячы баразну, мераючы; адсякаючы, адшчэпліваючы, адбіць. Пойдзем разам з намі сёння, На узгорку, пры, гайку, Пяць гектараў мы адгонім, На цябе і на дачку. Броўка.
4. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Адагнаць шкіпінар.