Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абсе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.

1. Правесці сяўбу; засеяць. Абсеяць поле. □ Абсеем пасевам жывучым загоны І сцежкі намецім да сонца і зораў. Купала.

2. Пакрыць чым‑н. у мностве; абсыпаць.

абсі́вераны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абсівераць.

2. у знач. прым. Які патрэскаўся, стаў шурпаты на ветры, холадзе (пра скуру на руках, нагах, твары). Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук і пакацілася гамана. Грахоўскі.

абсі́вераць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Зрабіцца, шурпатым, асмуглым, загрубець ад ветру, холаду (звычайна пра скуру на твары, руках і пад.).

абсі́да,

гл. апсіда.

абсідыя́н, ‑у, м.

Вулканічная горная парода ў выглядзе цёмнага шкла.

[Лац. obsidianus (lapis).]

абсідыя́навы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца, зроблены з абсідыяну.

абскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак., каго-што.

1. Праскакаць вакол каго‑, чаго‑н.

2. Разм. Аб’ездзіць, абысці ўсё, пабыць у многіх месцах. [Шафёру] трэба было «абскакаць» вунь колькі калгасаў, вярнуцца ў раён і да ночы «згайсаць» яшчэ ў два сельсавета.. Пташнікаў.

3. перан. Перамагчы, апярэдзіць у чым‑н. Абскакаць канкурэнтаў. □ [Аднавус:] — Абскакаў ты мяне, Пятрок. У мяне гектар даў семдзесят пяць цэнтнераў зерня, а ў цябе — восемдзесят. Пянкрат.

абска́рджанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абскардзіць.

абска́рджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абскардзіць.

абска́рджвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да абскарджваць.