саштурхо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да саштурхоўваць.
саштурхо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да саштурхнуць.
сашчамі́цца, ‑шчэміцца; зак.
Разм.
1. Шчыльна злучыцца, самкнуцца (пра зубы, пальцы і пад.). Пальцы Дразда сашчаміліся на гашэтцы, ажно пабялелі. Хомчанка.
2. перан. Адчуць боль, цяжар пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра сэрца, душу). [Зарубчык:] — Нядобра сашчамілася ў мяне сэрца. Скрыган.
сашчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., што.
Разм.
1. Шчыльна злучыць, самкнуць (зубы, пальцы і пад.). Цяпер.. [Мікола] калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў сашчаміць зубы, каб не ляскалі. Колас. Сашчаміла [Марыся] пальцы, муха была ў жмені. Баранавых. Кася заплакала. Потым яна сашчаміла рот, зірнула на маці і пайшла, стукнуўшы дзвярыма. Карпюк.
2. перан. Выклікаць адчуванне душэўнай прыгнечанасці, болю і пад. Ламко прыгледзеўся да Замасточча, і нейкая туга сашчаміла яго сэрца. Шахавец. Нейкі жаль агарнуў яго [Салаўя] сэрца, сашчаміў яго. Бядуля.
сашчамля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да сашчаміцца.
2. Зал. да сашчамляць.
сашчамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да сашчаміць.
сашчапа́цца, ‑аецца; зак.
Ператварыцца ў шчэпкі.
сашчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Ператварыць у шчэпкі. Сашчапаць палена.
сашчапі́цца, ‑шчаплюся, ‑шчэпішся, ‑шчэпіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змацавацца, злучыцца пры дапамозе чаго‑н. // чым і без дап. Закрануўшы што‑н., зачапіцца. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам. Маўр. Вось.. [быкі] сышліся галовамі, сашчапіліся рагамі! Колас. // Сплёўшыся, злучыцца разам (пра пальцы, рукі і пад.). Гэлька не магла, глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі. // З сілай сціснуцца (пра зубы і пад.). Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Быкаў.
2. Сысціся ў бойцы. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. Відаць, што тут [каля клуба] была снежная бойка .. Адзін хлапчук, увесь аблеплены снегам, сашчапіўся з другім. Сташэўскі. // Пачаць спрэчку, сварку. [Анэта:] — Дальбог, хутка аглухну ад іх лёскату на [лічыльніках]. То адзін, то другі, гэтак кожненькі вечар. А то мала гэтага, дык яшчэ сашчэпяцца сварыцца. Васілевіч.
сашчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Злучыць, змацаваць адно з адным пры дапамозе сашчэпак, клямараў і пад. Сашчапіць паперы. Сашчапіць вагоны. □ [Анікей] сашчэпіць.. [лодкі] цугам, выедзе на раку і ўхопіцца за якую-небудзь баржу, што ідзе на Васілі... Ракітны. // Злучыць разам, сплятаючы (рукі, пальцы). Лёня падняў дзве рукі над галавой, сашчапіў іх і тым самым паказаў, што вітае.. [спявачку]. Сабаленка. Потым.. [капітан] паклаў рукі на стол, зроблены з жэрдак, сашчапіў пальцы. Асіпенка. Чарэнда сашчапіў кулак, чамусьці доўга глядзеў на яго, быццам вывучаў, пасля пацёр кончыкамі пальцаў сваю поўную шчаку і.. сарамліва ўсміхнуўся. Чыгрынаў. // Моцна сціснуць (зубы). Падышоўшы да Наздрэйкавай хаты, .. [Сомік] сашчапіў зубы і кінуўся да акна. Крапіва.
2. Заціснуць, моцна трымаючы што‑н. [Іра] ўзяла і сашчапіла паперку ў кулаку — пэўна, дзеля канспірацыі. Марціновіч.
3. Разм. Сшыць на скорую руку, наспех. — Ідзі, — дазваляе маці. — А я яшчэ пашыю. Да адвячорка яшчэ паспею сашчапіць Ігналю сарочку. Васілевіч.