са́ла, ‑а, н.
1. Тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма. Так кормяць у нас багацейшыя гаспадары парсюкоў, калі хочуць нагадаваць тоўстае сала. Якімовіч.
2. Прадукт, што атрымліваецца з тлушчавага рэчыва, які ўжываецца для харчавання. Таня пакорпалася ў сваім кошыку і выцягнула кавалак сала, тоўстага, белага з тонкай жоўтай скуркай. Новікаў. // Растоплены тлушч; тук. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца... Бядуля.
3. Змазачнае рэчыва мінеральнага або расліннага паходжання. Машыннае сала. Свечачнае сала.
4. Ледзяная кашка, якая ідзе па паверхні вады перад замярзаннем вадаёма. Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца салам. Бяганская. Сала па рацэ плыло. Густа-густа. А каля берагоў, гэтак на метр, лёд завязаўся. Шашкоў.
•••
Скурнае сала — тлушчавае рэчыва, якое выдзяляецца залозамі скуры.
Заліць за скуру сала гл. заліць 1.
салаве́й, ‑лаўя, м.
1. Маленькая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая вылучаецца прыгожым спевам. У адным з найбліжэйшых альховых кустоў .. ізноў зацёхкаў непрыкметны салавей. Брыль.
2. перан. Разм. Пра чалавека, які славіцца чыстым, прыгожым, пераважна высокім голасам, вакальным майстэрствам. // Іран. Пра гаваруна, балабона, які прыгожа гаворыць, многа абяцае.
3. Разм. Адзін з інструментаў у шумавым аркестры, які складаецца з рэзервуара, запоўненага вадой, і адводнай трубкі, што заканчваецца свістком.
•••
На душы салаўі — пра добры, вясёлы настрой.
Пець (залівацца) салаўём гл. пець.
салаве́йка, ‑і, м.
Нар.-паэт. Ласк. да салавей. Разбрыліся мы ў сасонках, Свежы водар нас абдаў, Салавейка песняй звонкай Пасяброўску прывітаў. Галіноўская.
салаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца мутным, невыразным (пра вочы). У Вераб’я ўжо салавелі вочы. Пестрак.
2. Рабіцца вялым, санлівым ад зморанасці, ап’янення. Позірк салавеў. / у паэт. ужыв. Раствараюся нячутна ў тумане і ад песень салаўіных салавею. Свірка.
саладжа́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць саладжавага. Саладжавасць піва. □ Печку Алесь недалюбліваў за саладжавасць усмешачкі і лясканне абцасамі, хоць гэта і вельмі тут прыдалося. Брыль.
саладжа́вы, ‑ая, ‑ае.
1. З прысмакам салодкага; саладкаваты. Саладжавы кісель. □ Вёска, наскрозь прапахлая саладжавым водарам жытнёвых снапоў, жыла рэдкімі галасамі, рыпеннем веснічак і колаў фурманак, нейкімі ўздыхамі і шапаценнем. Б. Стральцоў. Піва не ішло, нібы яно было нейкім гаркавым, ні то задужа саладжавым. Лынькоў.
2. перан. Празмерна ветлівы, да прыкрасці ласкавы. Не! Ты не той саладжавы сват, Што суліць да скону ціш ды лагоду. Барадулін. // Які вызначаецца фальшывай пяшчотнасцю. Паліне зрабілася непрыемна ад яго саладжавай усмешкі, яна заспяшалася і развіталася суха. Савіцкі.
саладжэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. саладзіць.
саладзе́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. салодкі.