сёдзельнік, ‑а, м.
Майстар, які робіць сёдлы.
сёе-то́е, сяго-таго, займ. неазн., н.
Разм. Нямногае, нешта, некаторыя рэчы. Схапіўшы сёе-тое са стала, .. [хлапчукі] даядалі на хаду. Ваданосаў. Праўда, за шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Дуброўскі. [Бацька:] — Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Бажко. // Штосьці (які‑н. асобны прадмет, факт, што не жадаюць называць). [Слаўка:] — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. Новікаў. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Чарнышэвіч.
сёй-той, сяго-таго, займ. неазн., м.
Разм. Некаторыя (нямногія) людзі. Па бацьку ў нас велічалі толькі настаўніка. Ды і то не мы, а сёй-той са старэйшых. Якімовіч. Сёй-той ведаў аб сакрэце могілак, некаторыя здагадваліся. Лынькоў. // Нехта (каго не жадаюць называць). Гэту простую ісціну не шкодзіла б засвоіць і сяму-таму з нашых сучасных маладых пісьменнікаў. Бугаёў.
сёмга, ‑і, ДМ ‑мзе, ж.
Каштоўная прамысловая рыба сямейства ласасёвых з мясам ружовага колеру. // толькі адз. Мяса гэтай рыбы як страва. [Таня] памагла раскласці на стол тое, што прынеслі ў сумках: сёмгу, заліўную рыбу. Грамовіч.
сёмгавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сёмгі.
сёмуха, ‑і, ДМ ‑мусе, ж.
Адно са свят праваслаўнай, царквы, якое святкуецца ў пяцідзесяты дзень (праз сем тыдняў) пасля вялікадня. Яблыкі першыя знялі па маладым садзе. .. Хоць у пограб сып. Да сёмухі будуць ляжаць... Мыслівец. Пасля сёмухі сонца як бы стала на адным месцы і няшчадна смаліла. Сабаленка.
сёмы, ‑ая, ‑ае.
Ліч. парадк. да сем. Падрасла дзяўчынка, сёмы год пайшоў. Крапіва. Незадоўга да сёмай гадавіны рэвалюцыі сабралася заборцаўская моладзь у школе. Колас.
•••
Быць на сёмым небе гл. быць.
Да сёмага поту гл. пот.
сённека, прысл.
Абл. Сёння. У Мінск наш здалёку, з Дашавы, прыйшоў да нас сённека газ. Машара. — Слухай... А што калі мы з табою, жонка, ды сённека ў клуб выправімся? Там жа нейкае кіно. Савіцкі.