Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

со́балевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да собаля. Собалевы след.

собалегадо́вец, ‑доўца, м.

Спецыяліст на собалегадоўлі.

собалегадо́ўля, ‑і, ж.

Гадоўля собаляў на зверафермах.

собалегадо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да собалегадоўлі, звязаны з собалегадоўляй. Собалегадоўчая гаспадарка.

со́балеў, ‑ева.

Які належыць собалю. Собалеў хвост.

со́баль, ‑я, м.

1. Невялікі драпежны звярок сямейства куніцавых з каштоўным футрам бурай афарбоўкі.

2. Футра гэтага звярка. Абшыты собалем каўнер.

со́біць, ‑біць; безас. зак., каму.

Абл. Прыйсці ў галаву, навесці на думку зрабіць што‑н. нечаканае. — Собіла ж мне выбрацца ў гэткае разводдзе ў дарогу, — дакараў сябе англічанін. Сачанка. Кастусь дзівіўся і недаўмяваў: собіла ж некалі вось так сяліцца людзям. Даніленка.

со́ванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. соваць і совацца.

со́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сунуцца (у 1, 2 знач.).

2. Хадзіць з месца на месца, мітусіцца. — Ах, матухны, — зноў пляснула рукамі Аўгеня: — Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. Колас. [Даўгулевіч:] Я ўвесь дзень соваўся з кутка ў куток, не знаходзячы сабе месца. Гурскі.

3. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. [Манг] падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен. Маўр. // Плысці, пасоўвацца (пра туман, хмары і пад.). На небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Бядуля.

4. Зал. да соваць (гл. сунуць у 1–3 знач.).

со́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да сунуць (у 1–5 знач.).

2. каго-што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Варушыць Аўгіня вілачнікам гаршкі, чапялой патэльню совае да вуголляў. Бядуля. Потым пасажыры совалі кашалёк нагамі, пакуль ён не апынуўся ў кутку, дзе стаяў безбілетны Віця. Якімовіч.

3. безас. Разм. Пра рэзкі боль. Совае ў калена.

•••

Соваць (сунуць, тыцкаць) нос куды — умешвацца ў што‑н., звычайна не ў сваю справу.

Соваць (тыцкаць) пад нос каму — даваць, паказваць што‑н. непачціва, абы-як.