со́ванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. соваць і совацца.
со́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сунуцца (у 1, 2 знач.).
2. Хадзіць з месца на месца, мітусіцца. — Ах, матухны, — зноў пляснула рукамі Аўгеня: — Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. Колас. [Даўгулевіч:] Я ўвесь дзень соваўся з кутка ў куток, не знаходзячы сабе месца. Гурскі.
3. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. [Манг] падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен. Маўр. // Плысці, пасоўвацца (пра туман, хмары і пад.). На небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Бядуля.
4. Зал. да соваць (гл. сунуць у 1–3 знач.).
со́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да сунуць (у 1–5 знач.).
2. каго-што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Варушыць Аўгіня вілачнікам гаршкі, чапялой патэльню совае да вуголляў. Бядуля. Потым пасажыры совалі кашалёк нагамі, пакуль ён не апынуўся ў кутку, дзе стаяў безбілетны Віця. Якімовіч.
3. безас. Разм. Пра рэзкі боль. Совае ў калена.
•••
Соваць (сунуць, тыцкаць) нос куды — умешвацца ў што‑н., звычайна не ў сваю справу.
Соваць (тыцкаць) пад нос каму — даваць, паказваць што‑н. непачціва, абы-як.