Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

со́ўганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. соўгаць і соўгацца.

со́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Хадзіць туды-сюды; сланяцца. Увесь дзень я соўгаўся між дваром і пуняй: насіў ваду, рэзаў сечку, калоў дровы. Асіпенка. Янук жа ў гэты час соўгаўся па калідорах, не ведаючы, якія дзверы адчыняць, бо ніхто яго не праводзіў. Лупсякоў. П’яныя швэндаліся па вуліцы, соўгаліся ад хаты да хаты, абдымаліся. Кавалёў.

2. Пасоўвацца паволі, з цяжкасцю. Сёлета ўсю вясну бабка пісала Валі, што яна вельмі аслабела, ледзьве соўгаецца па хаце. Сачанка. Восенню, калі холадна, .. [гадзюкі] санлівыя, ледзь соўгаюцца. Ваданосаў.

3. Перамяшчацца, рухацца. Манжосаў Дзік, які звычайна бегаў на ланцугу, што соўгаўся колцам па дроце, напятым праз увесь двор, гэты раз быў спушчаны з прывязі. Сабаленка. На тым баку вуліцы ўзад-уперад соўгаўся доўгі вежавы кран. Асіпенка.

со́ўгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.

Разм.

1. Перасоўваць што‑н. з месца на месца. Соўгаць крэслы з кута ў кут.

2. Рухаць, соваць чым‑н. у розных кірунках (звычайна па паверхні). Соўгаць шуфляды. □ — Слабая і хворая, а працуй, — Марфа пачала соўгаць граблямі па сцежцы. Савіцкі. Два падстрэленыя кані сударгава соўгаюць нагамі. Навуменка.

3. Тыкаць, соваць куды‑н. у што‑н. Соўгаць палкай у гразь. □ Вараціла соўгаў рукамі зверху, Косця ж, лоўка парыруючы ўдары, трапляў праціўніку то ў твар, то ў грудзі. Карпюк. Перад тым, як начапіць нажыўку на кручок, дзядзька соўгаў пальцамі ў камячкі ваты. Місько.

со́ўка, ‑і, ДМ соўцы; Р мн. совак; ж.

1. Птушка сямейства сапраўдных соў.

2. Матылёк цёмнай афарбоўкі, вусені якога з’яўляюцца шкоднікамі сельскагаспадарчых культур; начніца. Капусная соўка. Азімая соўка.