сённека, прысл.
Абл. Сёння. У Мінск наш здалёку, з Дашавы, прыйшоў да нас сённека газ. Машара. — Слухай... А што калі мы з табою, жонка, ды сённека ў клуб выправімся? Там жа нейкае кіно. Савіцкі.
сяго́ння і сёння, прысл.
1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.
2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. □ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. □ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.
•••
Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.
сяго́нняшні і сённяшні, ‑яя, ‑яе.
1. Які мае адносіны да гэтага дня. Колькі год чакала [Вольга] сённяшняга запаветнага вечара! Кулакоўскі. // Які мае адносіны да цяперашняга часу; цяперашні, сучасны. Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі, І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі. Панчанка.
2. у знач. наз. сяго́нняшняе і сённяшняе, ‑яга, н. Тое, што было сягоння; што маецца цяпер. А мне сягонняшняе вітаць прыемна, Схіліўшы стан на сочную траву. Трус. Паэт разгортвае перад намі мінулае і сённяшняе роднай краіны. «Маладосць».
•••
Жыць сягонняшнім (сённяшнім) днём гл. жыць.